За апошнія гады некалькі асобаў, якія асабліва імпэтна рэпрэсавалі сваіх назгодных з палітыкай Лукашэнкі землякоў, пайшлі на падвышэнні.
Марына БУГЛАК.
7 красавіка Лукашэнка выдаў чарговы ўказ за нумарам 142,
якім панапрызначаў і пазвальняў суддзяў. У Гомельскай вобласці некалькі
грамадзян, якіх раней ён быў прызначыў шэраговымі суддзямі раённых судоў, дзе
яны актыўна выконвалі палітычныя рэпрэсіі, цяпер атрымалі ад дыктатара
падвышэнні ў кар’ернай драбіне, заўважыла
Гомельская Вясна.
Так, Марына Буглак, якую раней Лукашэнка трымаў на пасадзе суддзі Мазырскага раёна, падвышаная да намесніцы старшыні суда Каленкавіцкага раёна. Там яна замяніла пенсіянерку Валянціну Загвоздзіну, якая пайшла ў адстаўку.
Будынак суда ў Каленкавічах.
У першыя дні пасля сфальсіфікаваных вынікаў выбараў
прэзідэнта ў 2020 годзе Марына Буглак актыўна ўключылася ў палітычна матываваны
пераслед жыхароў Мазыра, пры гэтым цынічна і дэманстратыўна ігнаруючы
патрабаванні нават дзейнага ў Беларусі заканадаўства.
Як паведамляла Палеская Вясна, 12 жніўня 2020 года Марына
Буглак проста ў памяшканні Мазырскага РАУС, дзе катавалі затрыманых напярэдадні
мазырчукоў, праводзіла над імі канвеерныя суды. У прыватнасці, яна выносіла пакаранне 54-гадоваму
супрацоўніку Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Юрасю Чаранкову. Мужчына быў моцна збіты, меў на целе сляды пабояў,
а ў адміністрацыйнай справе супраць яго былі відавочныя фальсіфікацыі. Тым не
менш, так званая суддзя, праігнараваўшы стан і ўсе заявы Чаранкова, замест
таго, каб накіраваць яго на медычнае абследаванне і наданне меддапамогі,
загадала кінуць яго назад у вязніцу на паўмесяца.
10 верасня 2020 года Марына Буглак разглядала яшчэ адну
палітычна матываваную справу. Там групу мазырцаў вінавацілі ў тым, што нібыта
іхні сумесны шпацыр вуліцамі горада без аніякіх плакатаў, толькі з балонікамі,
з’яўляецца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Шэраг падтасовак у матрыялах
справы, якія відавочна абвяргаліся відэаматэрыяламі і паказаннямі сведкаў,
Буглак праігнаравала. Больш таго, яна нават не выдалялася ў дарадчы пакой для
прыняцця рашэння, а проста ўзяла са стала загадзя, яшчэ да пачатку разгляду,
падрыхтаваную пастанову і зачытала яе, прызначыўшы адной з жанчын, якая
шпацыравала горадам, вялізны штраф.
У сакавіку 2022 года Марына Буглак паспела ў Мазыры рэпрэсаваць у палітычна
матываванай справе і жыхарку Каленкавічаў за тое, што тая са сваімі сяброўкамі,
як пісалі міліцыянты ў матэрыялах справы “подошли и просто стояли” на вуліцы
Савецкай у Мазыры 27 лютага 2022 года.
19 верасня 2022 года Марына Буглак распарадзілася зняволіць
на паўмесяца мазырскага праваабаронцу Уладзіміра
Целепуна за тое, што ён карыстаўся правам на свабоду пошуку, атрымання і
распаўсюду інфармацыі, гарантаваным яму арыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі
правоў чалавека. Пакаранне, звязанае са зняволеннем Буглак вынесла Целепуну за
тое, што ён яшчэ ў 2021 годзе пашырыў у сваіх сацсетках інфармацыю тэлеканала
Белсат і Радыё Свабода, а таксама з суполкі “Страна для жизни”.
Гэта толькі асобныя выпадкі палітычна матываваных
рэпрэсіяў, якія выканала Марына Буглак. Але праваабаронцам вядома не менш, як
пра два дзясяткі рэпрэсіўных рашэнняў, вынесеных ёю цягам апошніх гадоў. Вельмі
імаверна, што менавіта такое шчыраванне ў палітычным пераследзе праціўнікаў
Аляксандра Лукашэнкі і паслужыла таму, што апошні мае давер да мазырскай
карніцы і прасоўвае яе кар’ернаю драбінаю.
Раней Лукашэнка перавёў з пасады звычайнага суддзі ў Мазыры на пасаду старшыні суда Лельчыцкага раёна яшчэ аднаго актыўнага выканаўцу палітычных рэпрэсіяў – Аляксандра Града, які ў 2020-м рэпрэсаваў супрацоўнікаў МНПЗ за рэалізацыю права на мірны сход і выказванне меркаванняў. Прычым, выконваў ён палітычныя рэпрэсіі да нафтаперапрацоўшчыкаў неаднаразова. А зімой 2021 года ён асудзіў жыхарку Мазыра толькі за тое, што тая з сябрамі ў глухім лесе сфатаграфавалася з беларускім нацыянальным сцягам. Гэта Град абвясціў несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.
Аляксандр ГРАД.
Праз апошнія прызначэнні на пасады суддзяў робіцца
відавочным, што актыўны ўдзел у палітычных рэпрэсіях дапамог многім маладым
асобам, якім Лукашэнка даверыў быць суддзямі, зрабіць някепскую кар’еру ў судовай
сістэме дзейнага ў Беларусі рэжыму.