У Мазыры прайшлі масавыя суды за асабістыя фотаздымкі з нацыянальнымі сцягамі
Андрусь ГАЁВЫ
27.01.2021
>
Адразу чацвёра
мазырскіх суддзяў несанкцыянаваным пікетаваннем прызналі фатаграфаванне ў лесе
для асабістага архіву.
20 студзеня ў Мазыры прайшлі ператрусы ў двух сем’ях у
межах праверкі ў крымінальнай справе. Пры гэтым у аднаго з жыхароў горада – Арцёма Савіцкага, міліцыянты забралі сярод
іншага і флэш-картку ад фотаапарату. Саміх гаспадароў кватэраў затрымалі.
Ужо ў РАУС, калі затрыманых дапытвалі, у іншым памяшканні
ўчастковы інспектар міліцыі Ігар
Пілановіч зрабіў агляд змесціва флэш-карткі ад фотаапарату і знайшоў там
некалькі здымкаў, на якіх група людзей сфатаграфаваная ў лесе ў заказніку «Мазырскія яры» з нацыянальным
бел-чырвона-белым сцягам, а таксама плакатам з надпісам «Жыве Беларусь!». Файлы былі створаныя
на фотаапараце 10 студзеня, адпаведна, тады ж адбывалася і здымка. Акрамя
флэшкі фотаапарату гэтыя здымкі з таго часу больш нідзе так і не з’явіліся.
У выніку на Арцёма Савіцкага, ягоную жонку Ірыну Савіцкую, а таксама на сяброў
гэтай сям’і мужа і жонку Мікалая і Аліну
Мінковых склалі пратаколы нібыта за праведзенае без дазволу Мазырскага райвыканкаму
ў заказніку пікетавання.
Карэспандэнт Палескай Вясны пабыў на судзе над Алінай Мінковай. Справу разглядаў
суддзя Аляксандр Град. Ён зачытаў
пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзены Ігарам Пілановічам. У ім
Аліна Мінкова абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым
мерапрыемстве «пікетаванні», якое адбылося ў лесе ў заказніку.
Аліна не прызнала сваёй віны і патлумачыла, што за горад
у «Мазырскія
яры» яна паехала
з мужам, каб пакатацца з горак і адпачыць. Там яны сустрэлі сяброў. Яны
адпачывалі. У нейкі момант нехта запрапанаваў пафатаграфавацца. У мужчын былі з
сабой нацыянальныя сцягі і для некаторых кадраў яны іх даставалі і людзі
трымалі іх у руках альбо на плячах. Аліна Мінкова сцвярджала, што ніхто не меў
намераў выкладаць гэтыя здымкі ў публічнае асяроддзе. І, калі яны за 10 дзён
так нікуды і не былі выкладзеныя, адпаведна, яны не з’яўляюцца публічнымі, а
ёсць асабістымі фотаздымкамі. А асноўная прыкмета пікетавання – менавіта публічнае
выказванне нейкіх інтарэсаў.
Таксама Аліна Мінкова хадайнічала аб выкліку на
пасяджэнне ў якасці сведкаў участковага Пілановіча і свайго сябра Арцёма
Савіцкага, якія мусілі пацьвердзіць сцвярджэнне Аліны Мінковай пра тое, што
выйманне флэш-карты і фотаздымкаў з яе былі зробленыя з парушэннем
прадугледжанага Крымінальна-працэсуальным кодэксам парадку, а, згодна з
артыкулам 6.14 ПВКабАП, доказы, здабытыя з парушэннем заканадаўства, не
падлягаюць ацэнцы і даследаванню.
У выкліку міліцыянта Пілановіча суддзя адмовіў, а сведку
Савіцкага, які чакаў у калідоры, пагадзіўся выслухаць. Арцём Савіцкі паведаміў,
што падчас ператрусу розныя прадметы,
якія забіралі ў яго з кватэры, а гэта былі ў асноўным розныя гаджэты і носьбіты
інфармацыі, не ўпакоўваліся ў асобныя пакункі, не апячатваліся, а былі проста
складзеныя ў скрынку разам і забраныя. Агляд змесціва флэш-карты, на якой
знаходзіліся фотаздымкі з лесу, ажыццяўляўся без прысутнасці яе ўладальніка.
Гэтыя акалічнасці, на думку Аліны Мінковай, пацвярджаюць тое, што флэш-карта і
тая інфармацыя, якая на ёй змяшчалася, былі здабытыя з парушэннем
заканадаўства.
Але Аляксандр Град адказаў, што пра гэтыя парушэнні трэба
заяўляць у межах крымінальнай справы, у якой адбываўся ператрус, а ў
адміністрацыйнай справе, якую ён разглядае, гэта не мае значэння.
Таксама паміж суддзёй Градам і сведкам Савіцкім адбылася
даволі цікавая размова:
Савіцкі: На некаторых кадрах мы стаім з нацыянальным
сцягам Беларусі.
Град: З якім нацыянальным сцягам?
Савіцкі: З бел-чырвона-белым.
Град: Скажыце, у цяперашні момант нацыянальным
сцягам Беларусі з’яўляецца гэты сцяг?
Савіцкі: Так! Ён не з’яўляецца забароненым, наколькі
я ведаю.
Град: Вы гаворыце, што папярэдні сцяг. У цяперашні
момант нацыянальны сцяг, сцяг менавіта, іншы. Вось ён знаходзіцца.
Савіцкі: Гэта дзяржаўны сцяг.
Град: І нацыянальны ў тым ліку.
Таксама Аліна Мінкова патлумачыла, што бел-чырвона-белы сцяг
быў дзяржаўным у яе дзяцінстве, таму ён ёй дарагі і таму яны з сябрамі з ім і
фатаграфаваліся на памяць.
Тым не менш, суддзя Аляксандр
Град, нават не выдаляючыся ў дарадчы пакой, вынес пастанову пра тое, што,
сфатаграфаваўшыся ў бязлюдным месцы разам з сябрамі, і Аліна Мінкова ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве –
пікетаванні, таму яна прызнаная вінаватай у правапарушэнні, прадугледжаным
часткай 1 артыкула 23.34 КабАП. Град прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе штрафу, памерам 30 базавых вялічыняў.
Раней такія самыя пакаранні за фатаграфаванне ў лесе прызначылі
яе мужу Мікалаю Мінкову (суддзя Галіна Кніжонак), а таксама сябрам Арцёму Савіцкаму (суддзя Дзмітрый Мазай) і Ірыне Савіцкай (суддзя Валянціна
Новікава).
Уладзімір ЦЕЛЯПУН.
Сітуацыю пракаментаваў кіраўнік Мазырскай філіі
Праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Целяпун:
«Нават цяперашні
беларускі закон аб масавых мерапрыемствах пакуль не патрабуе ўзгадняць свой
адпачынак на прыродзе ў святочныя і выходныя дні з уладамі. Але, як бачым,
зараз нават і не да гэтага закону! Асноўнае патрабаванне карных органаў –
звяртацца ў выканкамы па дазволы, каб сабрацца нейкай кампаніяй, мае на мэце
прымусіць людзей рабіцца арганізатарамі масавых мерапрыемстваў і потым
ускладаць на іх адказнасць нават за дзеянні тых, хто знаходзіцца побач. Але
гэтая сітуацыя, калі ў чалавека ў фотаздымачы знайшлі асабістыя здымкі
сяброўскай кампаніі ў лесе і прыраўнялі гэта да пікету – увогуле абсурдная.
Перад кім яны там выказвалі свае грамадзянскія пазіцыі? Перад дрэвамі? Так, яны
былі там са сцягамі, пад якімі прайшло іх дзяцінства. Ім гэтыя сцягі значыць,
чымсьці дарагія. Але гэта іхнія асабістыя меркаванні. Няўжо карныя органы
думаюць, што, прымусіўшы схаваць з вачэй нацыянальную сімволіку, яны зменяць
погляды людзей, якія абудзіліся за мінулае лета?! Не атрымаецца! Гэта ўжо
незваротны працэс, і змена грамадскага ладу ў краіне – толькі пытанне часу!»