«Не разумею, чаму шпацыр назвалі дэманстрацыяй?» У Мазыры да штрафу прысудзілі жанчыну, якая ў кампаніі шпацыравала гарадскімі вуліцамі
Палеская Вясна
12.09.2020
>
26 жніўня група
жыхароў Мазыра прайшла ад вуліцы Нафтабудаўнікоў да вуліцы Пралетарскай. А 10
жніўня адну з удзельніц гэтага шпацыру асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным
масавым мерапрыемстве.
Кацярына ЛЯОНАВА ў судзе.
Судовае паседжанне па абвінавачванні Кацярыны Ляонавай у здзяйснені адміністрацыйнага правапарушэння
паводле часткі 1 артыкула 23.34 вяла суддзя Марына Буглак. Менавіта яна чыніла прысуды
проста з ізалятары часовага ўтрымання над людзьмі, якія зазналі катаванні ў
Мазырскім РАУС у першыя паслявыбарныя дні.
Суддзя Марына БУГЛАК.
Як вынікае з пратколу, які зачытала суддзя, 26 жніўня з
19.14 да 21 гадзіны Кацярына Ляонава «прыняла ўдзел у дэманстрацыі з заклікамі і плакатамі
супраць вынікаў выбараў».
Хаця, відэазапісы самой Кацярыны Ляонавай, якія паводле
яе хадайніцтва былі далучаныя да матэрыялаў справы, сведчаць пра неадпаведнасць
звестак пратаколу. Апошняя размова Кацярыны з людзьмі, якія, як яна кажа,
паводле формы нагадвалі міліцыянтаў, але не прадстаўляліся, не паказвалі
аніякіх пасведчанняў і не мелі службовых жэтонаў на форме, адбылася а 18.24.
Ніякіх заклікаў падчас шпацыру ніхто не выкрыкваў, што бало бачна і з
міліцэйскіх выдэазапісаў, а з плакатаў была толькі выява рукі са знакам «V» і надпісам «Пераможам!», што аднесці да
нечага супраць вынікаў выбараў дастаткова цяжка.
Суддзя Буглак пыталася ў Кацярыны Ляонавай, ці
папярэджвалі супрацоўнікі міліцыі пра тое, што дэманстрацыя зяўляецца
несанкцыянаванай і гэта парушэнне дзеўчага заканадаўства.
«Мы проста
шпацыравалі па вуліцы. Не разумею, чаму наш шпацыр назвалі дэманстрацыяй? Супрацоўнікі
не тлумачылі, што мы парушаем і не казалі пра тое, што мы ўвогуле нешта
парушаем», – адказала Кацярына Ляонава.
Яна сказала, што яе прысутнасць на гэтым мірным шпацыры
справакаваная дзеючай ўладай.
«Тыя відавочныя
фальсіфікацыі, сведчанні якіх сталі вядомымі грамадству, той гвалт і катаванні,
што адбыліся пасля таго, як людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваю нязгоду з
фальсіфікацыямі, не маглі пакінуць мяне абыякавай. І таму я проста сустрэлася
са сваімі знаёмымі і, шпацыруючы вуліцамі свайго горада, абмяркоўвала тое, што
адбываецца ў краіне. Так, мы размаўлялі на грамадска-палітычныя тэмы. Але між
сабой, не крычучы ніякіх лозугнаў публічна. І, я лічу, што мы маем на гэта
права нават паводле цяперашняй Канстытуцыі Беларусі», – казала ў
сваім выступе Кацярына Ляонава.
Падчас шпацыру ў яе ў руках былі аркушы фармату А4, на
якіх буйным шрыфтам былі раздрукаваныя некалькі артыкулаў Канстытуцыі, якія
даюць ёй права мець свае перакананні і свабодна іх выказваць а таксама мірна
збірацца. Іх жа яна папрасіла далучыць і да матэрыялаў справы.
Таксама суддзя зачытала шэраг рапартаў супрацоўнікаў
Мазырскага РАУС, якія нібыта пацвярджаюць тое, што дзеянні Ляонавай парушаюць
заканадаўства. Так міліцыянт Аляксандр Нягодзін, які быў у складзе
інфармацыйнай групы, у сваім рапарце напісаў, што «грамадзяне
трымалі ў руках надзіманыя балонікі – два белага колеру і адзін чырвонага, і
размахвалі імі ў ходзе руху».
У той жа час, на відэа добра чутна, што адзіны раз, калі
міліцыянты нешта кажуць пра парушэнне заканадаўства, гэта выказванне аднаго з
іх «Хачу паведаміць,
што парушенне закона аб масавых мерапрыемствах цягне адміністрацыйную
адказнасць». Пра тое, што дзеянні грамадзян, да якіх звятраліся міліцыянты, могуць
быць расцэненыя як такое парушэнне, прынамсі, на далучаных да справы відэа,
ніхто не гаварыў. Калі грамадзяне пыталі, чаму ім перакрываюць шлях і чаму іх
хочуць завезці ў РАУС, каб усталяваць асобы, што яны парушаюць, ім назвалі нейкі
артыкул 25, праўда, невядома якога закону.
Хадайніцтва Кацярыны Ляонавай аб выкліку ў суд у якасці
сведкаў саміх міліцыянтаў, якія пісалі рапарты, суддзя адхіліла, сказаўшы, што
гэта адмысловае дзеянне, накіраванае «на зацягванне судовага разбіральніцтва».
Адразу пасля таго, як Ляонава дала апошнія свае
тлумачэнні наконт прагледжаных відэазапісаў, Марына Буглак пачала зачытваць
пастанову, якая, відавочна, была ў яе на стале ад самага пачатку разгляду. Яна
нават не выдалялася з залы, каб яе падрыхтаваць. Марына Буглак прызнала
Кацярыну Ляонаву вінаватай у парушэнні, прадугледжаным часткай 1 артыкула 23.34
КабАП, і прысудзіла да штрафу ў 20 базавых велічыняў (на цяперашні час гэта 270
рублёў).
«Я і не чакала
справядлівага разгляду справы і апраўдаўчага рашэння. Зразумела, што ў
палітычных справах суд у нашай краіне не можа быць бесстароннім, бо кожнага
суддзю прызначае кіраўнік аднаго з бакоў канфлікту – дзяржавы. Але я змагалася
і, як мне здаецца, змагла выказаць тое, пра што трэба прыслужнікам рэжыму
казаць як мага часцей. Пастанову я буду абскарджваць і пастараюся давесці аж да
міжнародных інстанцыяў, што беларускі дзяржаўны апарат грэбуе канстытуцыйнымі
правамі чалавека, беспадстаўна іх парушаючы» – сказала аб
выніках судовага разгляду Кацярына Ляонава.