«Гэта былі свае ж – пхоўскія!» Жыхар Мазыра распавёў пра катаванні ў мясцовым РАУС (ВІДЭА)

Андрусь ГАЁВЫ 03.09.2020

>>

Мазыр – адзін з гарадаў, у якіх 10 – 13 жніўня супрацоўнікі органаў унутраных справаў адзначыліся асаблівай жорсткасцю да мірных жыхароў. Праваабаронцам ужо вядома пра некалькі дзясяткаў людзей, якіх збівалі, прыніжалі, з якіх здзекваліся пры затрыманні і ў памяшканнях Мазырскага РАУС. Крыніца ў Мазырскім раённым аддзеле Следчага камітэта, якая папрасіла не называць яе, паведамла Палескай Вясне пра 35 заяваў, якія туды падалі жыхары горада з патрабаваннем расследаваць факты збіцця міліцыянтамі.  

Юрась Чаранкоў – сласар Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, які таксама вытрываў звярыную жорсткасць мазырскіх міліцыянтаў. Прычым, не адзін, а разам са сваёй жонкай Аленай. Як ён сам гаворыць, ён бы і хацеў узельнічаць у мірных сходаў жыхароў горада, якія выказвалі сваю нязгоду з фальсіфікацыяй выбараў, бо цудоўна разумеў тое, што абвешчаныя вынікі хлуслівыя. Але, як сам празнаецца, «пайшоў на дамову з сумленнем» і не хадзіў на мітынгі і шэсці, бо баяўся страціць працу. Але патрапіў пад міліцэйскі тэрор проста за знаходжанне побач. Пра тое, што чалавеку на шостым дзясятку гадоў жыцця давялося перажыць, ён распавёў Палескай Вясне.

Затрымалі Юрася і ягоную жонку падчас штовечаровага шпацыру на бульвары Юнацтва. Пры гэтым, тыя хто затрымліваў, не мелі апазнавальных знакаў на форме і збівалі і мужчыну, і жанчыну.


Пасля таго, як затрыманых падвезлі да Мазырскага РАУС, іх адвялі ў размешчаны праз дарогу ад асноўнага будынку РАУС будынак, у якім месціцца крымінальна-выканаўчая інспекцыя Мазырскага РАУС. Пра збіцё 13 жніўня ў гэтым самым будынку Палескай Вясне распавядаў таксама жыхар Калінкавічаў Уладзімір Піліпейка. Як і Юрась, ён узгадвае жанчынаў, якія ўдзельнічалі ў збіцці затрыманых. У гэтым будынку Юрася і іншых людзей жорстка збівалі, усяляк прыніжалі і здзекваліся з іх.



Жонцы Юрася Чаранкова давялося пачуць прозвішча аднаго з міліцыянтаў. Іншы ж запытаўся ў жонкі – настаўніцы, дзе яна працуе і патэлефанаваў завучу школы, якая пазнала ў ім участковага з мікрараёна «Зарэчны», які месціцца ў былым мазырскім прыгарадзе Пхове.


«Гэта былі ніякія не АМАПаўцы гомельскія ці якія, а свае ж участковыя  – пхоўскія!» – абураецца Юрась Чаранкоў.


Пасля збіцця і напісання папераў Юрась Чаранкоў трапіў у ізалятар часовага ўтрымання Мазырскага РАУС. У камеру на 5 месцаў мазырскія міліцыянты змясцілі 12 чалавек. Паводле праваабарончых стандартаў гэта таксама лічыцца катаваннямі, бо чалавек пазбаўляецца нармальных умоваў для сну.


Суд над Юрасём і ягонай жонкай, гэтак жа, як і над іншымі затрыманымі ў той дзень людзьмі, адбываўся проста ў памяшканні ІЧУ Мазырскага РАУС. Судзіла Юрася суддзя Суда Мазырскага раёна Марына Буглак. Яна не звярнула ўвагі на фізічны стан Чаранкова, але палічыла дастатковым доказам ягонага ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу адзін рапарт аднаго міліцыянта, «из которого усматривается активное участие Черенкова Ю.Н. в проводившемся без соответствующего разрешения массовом мероприятии, в том числе викрикавание им лозунгов "Уходи", "Жыве Беларусь”» (цытата з пастановы суддзі па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні), а таксама тое, што яго затрымалі «11.08.2020 в 20 часов 55 минут возле д.32 по б. Юности в г. Мозыре».  Дарэчы, пасаду, званне і прозвішча міліцыянта, які склаў рапарт пра ўдзел Чаранкова ў мерапрыемстве суддзя не называла ні падчас паседжання, ні ў пастанове па справе.


Пры гэтым Юрась звяртае ўвагу, што ён – беларускамоўны і, калі б ужо і крычаў, дык не «Уходи», а «Сыходзь!». Але ўсе тлумачэнні Юрася Чаранкова Марына Буглак, паводле яе пастановы, «расценивает, как его желание уйти от ответственности за содеянное».



Усе затрыманыя ў Мазыры падчас мірных сходаў грамадзян не змяшчаліся ў мясцовым ІЧУ нават пры тым, што колькасць людзей у камерах значна перавышала колькасць месцаў там. Таму на другія суткі многіх перавезлі ў размешчаную за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Мазыра папраўчую калонію № 20. І ўжо там Юрась Чаранкоў сустрэў сваё вызваленне. Там пачалі вызваляць людзей, калі праўда пра жорсткасць беларускай міліцыі да сваіх жа суграмадзян стала вядомая шырокай грамадскасці. Праўда, Юрася яшчэ павазілі ў аўтазаку – ездзілі забіраць мазырскіх зняволеных з Нараўлянскага ізалятара часовага ўтрымання, куды таксама саджалі жыхароў Мазыра, якім не хапала месца ў вязніцах свайго горада.




Юрась Чаранкоў і ягоная жонка падалі ў Мазырскі аддзел Следчага камітэта скаргу на неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў МУС. Але да цяперашняга часу крымінальныя справы паводле шматлікіх заяваў збітых мазырцаў і жыхароў іншых гарадоў, якія трапілі ў лапы мазырскіх карнікаў, мясцовымі следчымі так і не заведзеныя. Тыя, хто збіваў людзей працягваюць служыць у міліцыі, а следчы камітэт ужо амаль месяць вядзе праверку з мэтай вызначыць ці варта заводзіць крымінальныя справы па вядомых фактах гвалту.