«А цяпер вядзіце сабак!» Жыхар Калінкавічаў распавёў пра катаванні ў мазырскай міліцыі

Андрусь ГАЁВЫ 21.08.2020

>

У Мазыры не кідалі ў міліцыю «кактэйлі Молатава» і не ўязджалі ў міліцэйскія шэрагі на аўтамабілях. Няма справаў аб масавых беспарадках на мазырскіх вуліцах. Ёсць толькі адміністрацыйныя арышты мірных пратэстоўцаў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. А удзельнікаў пратэстаў вылаўлівалі дзе маглі, нават праз некалькі дзён пасля саміх пратэстаў. І не толькі ўдзельнікаў, а ўсіх, хто мазырскім міліцыянтам здаўся падазроным. Шакуючыя факты пра тое, што з імі рабілі ў мазырскай міліцыі, распавёў адзін з затрыманых.


Прыехаў да сябра

33-гадовы Уладзімір Піліпейка жыве ў Калінкавічах. 13 жніўня каля 16 гадзін ён прыехаў да сябра ў Мазыр на бульвар Юнацтва. За два дні да таго, увечары 11 жніўня, менавіта па гэтым бульвары ішла вялікая калона пратэстоўцаў. Пасля сустрэчы з сябрам, гадзіне каля 18, калі яшчэ свяціла сонца, Уладзімір выйшаў на бульвар, каб ісці на аўтобусны прыпынак. Знаходзіўся недзе за 1,5 кіламетра ад крамы Еўраспар.

«У мяне ціўкнуў тэлефон і я зайшоў у яго і пачаў чытаць паведамленне. У гэты момант паўз мяне марудна праехала цывільная Лада-Прыора на расійскіх нумарах. Я зірнуў на яе і далей апусціў вочы ў тэлефон. І раптам на мяне накінуліся чацвёра чалавек у нейкай чорнай форме без ніякіх значкоў, зорачак ці лычак, у кепках і чорных масках як ад каранавірусу, якія выскачылі з тае Лады. Яны паклалі мяне тварам у асфальт і заламалі рукі, а потым пацягнулі ў машыну. Пасадзілі паміж сабой на задняе сядзенне. Ужо, калі ехалі, яны шукалі ў сябе кайданкі і, знайшоўшы, надзелі іх мне на рукі за спінай», – распавёў пра момант затрымання Уладзімір Піліпейка.

Яго прывезлі ў Мазырскі РАУС.  Правялі праз турнікет, павярнулі на лесвіцу, і тут жа, на пляцоўцы перад прыступкамі, павалілі на падлогу тварам уніз, нацягнулі на галаву куртку і пачалі біць. Пры гэтым ён не мог нават прыкрывацца, бо ягоныя рукі былі скаваныя за спінай. Уладзімір не бачыў чым яго білі, але некаторыя ўдары былі як пінкі нагамі, а некаторыя зверху па спіне, ягадзіцах, нагах, відаць, міліцэйскім гумавым дручком.

Катавальня ў кабінеце

«Потым мяне паднялі і пацягнулі на трэці паверх. Зацягнулі ў нейкі вялікі кабінет. Відаць, нейкага начальніка, бо я паспеў убачыць вялікі стол і шэрагі крэслаў паўз сцены. Тут зноў паклалі на падлогу тварам уніз і нацягнулі на галаву куртку. Спачатку пагражалі, што, маўляў, я ўжо “накрычаў на 3 гады”, а зараз яны аформяць і на “дзясятачку” Пачалі абшукваць, спыталі дзе тэлефон. Але яго ў мяне выхапілі яшчэ пры затрыманні. Я не бачыў твараў, спачатку бачыў толькі ногі, бо галава была прыгнутая долу і прыціснутая да падлогі чыёйсьці нагой, а потым увогуле нічога не бачыў, бо на галаве была куртка. Толькі чуў, што тыя, хто мяне біў, звяраталіся да кагосьці “таварыш палкоўнік” [у ваенізаваных ведамствах называць палкоўнікам падначаленыя могуць і сапраўды палкоўніка, і падпалкоўніка - ПВ]. Калі прынеслі мой тэлефон, ад мяне пачалі патрабаваць пароль. А мой тэлефон можна было разблакаваць сканерам пальцу, альбо сканерам твару, альбо паролем. Яны спачатку паднеслі да пальца, але, тэлефон не разблакаваўся, потым да твару, але відаць, пасля таго, што адбылося, мой твар мала быў падобны да таго, які “памятаў” мой тэлефон», – кажа Уладзімір.


Уладзімір Піліпейка паказвае рэшткі слядоў крыві на майцы

Тады апарат запатрабаваў увесці лічбавы пароль. Яго пачалі пытаць ва Уладзіміра, але ён адмаўляўся казаць. Тады яго зноў пачалі біць і пінаць нагамі. У выніку ён мусіў сказаць пароль. Міліцыянты разблакавалі тэлефон і са словамі «Так, зараз пачытаем, што ты тут пішаш!» пачалі адкрываць у тэлефоне розныя праграмы.

«І раптам – моцны ўдар па галаве. Я “вырубіўся”. Што было далей – не памятаю. Відаць, потым на мяне плюхнулі вады бо я, калі прыйшоў у прытомнасць, адчуў, што мокры. Мне пачалі казаць, што зараз панапісваюць ад майго імя, што я паеду на 10 гадоў. Капаліся ў маёй тэлефоннай кнізе, пытаючы хто ў мяне як падпісаны, і правяраючы іх недзе. Мне шмат разоў казалі "здаеш вашага каардынатара, і мы цябе адпускаем”. Але я казаў, што я не ведаю ніякіх каардынатараў, я прыехаў з Калінкавічаў да сябра і не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Потым я пачуў, што яны размаўлялі пра прэзерватыў, а потым адзін з іх сказаў, звярнуўшыся да мяне: “Зараз зробім з цябе дзяўчынку”. Але нехта сказаў ім, што не трэба. Мяне зноў паднялі і некуды пацягнулі. Вывелі на вуліцу. Ужо было зусім цёмна», – апісвае жахі таго вечара Уладзімір.


Пісягі ад абутку на нагавіцах.


«Вядзіце сабак!»

Яго перавялі праз вуліцу ў будынак насупраць райаддзелу міліцыі [там знаходзіцца крымінальна-выканаўчая інспекцыя Мазырскага РАУС – ПВ]. Завёўшы ў нейкі пакой у тым будынку, Уладзіміра зноў кінулі на падлогу тварам уніз. Ён паспеў заўважыць там толькі нейкую даволі маладую жанчыну ў званні маёра і побач з ім на падлозе ўжо ляжаў яшчэ адзін чалавек. Калі на падлогу ўпаў Уладзімір, таго чалавека паднялі і павялі.


Падраныя падчас катаванняў нагавіцы.

Ён пачуў голас тае жанчыны-маёра: «А! Калінкавіцкі! Зараз мы табе пакажам мазырскую гасціннасць! Цяпер – вядзіце сабак!».

«Я падумаў – сапраўдных сабак, зараз разарвуць. Але прыйшлі людзі. Мяркуючы па тупаце і галасах – шмат людзей. І пачалі вельмі моцна мяне біць. Нехта, відаць лупіў дручкамі, нехта проста нагамі. Потым я адчуў, што па мне прайшліся абцасамі. Я думаю, што гэта тая жанчына, бо абцасы адчуваліся танчэйшыя, але даўжэйшыя за абцасы берцаў. Яна ж, відаць, патрапіла мне наском абутку ў скроню, бо насок быў востры, не як у берца. Я некалькі разоў губляў прытомнасць. Ачухваўся, калі мяне аблівалі вадой. З носу проста ручаём ужо бегла кроў, твар ляжаў у крыві. Тая жанчына казала: “Ты пашкадуеш, што сюды прыехаў!”. Потым зноў шмат удараў адразу ад некалькіх чалавек. Я моцна закрычаў і зноў адрубіўся. Потым паступова вярнуўся ў прытомнасць. Адчуў, што мне ў спіну і ніжэй штырхаюць нечым, мабыць, дручком. Было вельмі балюча, магчыма ад болю я і прыйшоў у прытомнасць. Потым яны ўзялі маю галаву і трусілі яе. Я адкрыў вочы. Зноў пачуў жаночы голас: “Хопіць, сыходзьце!”. Потым нейкі мужчына ў цывільным мяне падняў. Сурвэткай працёрлі твар ад крыві. З мяне бегла вада і яны ёю размазвалі кроў», – распавядае Уладзімір. 


След ад удару ў скроню. 

Пратакол за масавае мерапрыемства

Потым яго вывялі ў двор гэтага будынку. Там знялі кайданкі, з шыі знялі ланцужок і крыжык і павялі ў ізалятар часовага ўтрымання, які знаходзіцца крыху правей ад РАУС. Ён узгадвае, што не мог стаць на левую нагу, каб пераступіць нейкі невысокі парканчык, праз які яны пераходзілі, дык міліцыянты перакінулі ягоную нагу. У ІЧУ на яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Загадалі падпісаць. Пры гэтым прыгразілі, што, калі не падпіша – працягнуць збіваць.

«Потым мяне завялі ў 12 камеру. Там ужо былі 3 хлопцы маладыя. Усе таксама пабітыя. Адзін крыху меней. Ён сказаў, што не варта было трываць, трэба было адразу моцна крычаць. Ён крычаў і таму яго меней білі», – кажа Уладзімір.

На раніцу, не даўшы ні паесці, ні папіць, яго завезлі ў суд. Прозвішча суддзі ён не памятае, кажа, што была поўная жанчына. Ніякіх папераў, ні паводле вынікаў суда, ні копіяў пратаколаў яму не далі.


«Суд доўжыўся можа якія хвіліны дзве. Мне далі 15 сутак. Прывезлі назад у камеру. Там хлопцы паказалі, што ў мяне ўся шыя ў крыві. Уночы ўсе былі пабітыя і на гэта не звярнулі ўвагі. Цікава, што гэта не заўважыла і суддзя. Ці зрабіла выгляд, што не заўважыла. Але праз трое сутак мяне вызвалілі. Я выйшаў з ІЧУ і здзівіўся. Там была вялікая колькасць людзей. Былі валанцёры, якія прапанавалі адвезці куды мне трэба, былі псіхолагі, прапанавалі ежу і напоі. Нас сустракалі як герояў», – узгадвае Уладзімір.


Паводле заключэнняў медыкаў ва Уладзіміра дыягнаставаныя закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне мазгоў, шматлікія крывападцёкі і гематомы. Дагэтуль ён адчувае галавакружэнне і ваніты. Баліць хрыбетнік. Яму прызначана МРТ усяго цела.



«Калі я быў у ІЧУ, мяне вазілі на асведчанне да доктара ў лякарню. Там я нічога не казаў пра збіццё, бо баяўся – потым трэба было зноў вяртацца ў міліцыю. Але пазней да мяне ў ІЧУ прыходзіў следчы, апытваў наконт збіцця. Я распавёў яму як было. Цяпер ён мне тэлефануе, просіць прыехаць у Мазыр, каб зноў даць нейкія паказанні. Але я баюся. Ходзяць размовы, што тых, хто зноў трапляе ў гэтыя ўстановы, па-новай затрымліваюць і выпраўляюць у міліцыю. А што там будзе адбывацца – можна толькі здагадвацца. Яны пастараюцца зрабіць усё, каб схаваць свае злачынствы і каб пра іх не стала вядома», – лічыць Уладзімір Піліпейка.