Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целепуна зняволілі яшчэ на 15 содняў

Андрусь ГАЁВЫ 19.09.2022

>

Карны апарат Мазыра шчыльна заняўся барацьбой з іншадумствам мясцовага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна. Некалькі тыдняў запар міліцыянты і суддзі займаюцца вывучэннем пастоў Целепуна ў сацыяльных сетках і пакараннем за тыя, якія не падабаюцца рэжыму Лукашэнкі.

19 верасня прызначаная асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі ў Мазыр Марыя Буглак, вядомая сваімі шматлікімі палітычна матываванымі прысудамі, разглядала справу ў дачыненні да Уладзіміра Целепуна аб трох перапостах у Фэйсбуку.

Уладзімір ЦЕЛЯПУН.

16 верасня Целепуна выклікаў у Мазырскі РАУС тамтэйшы ўчастковы інспектар Аляксандр Канопліч нібыта для азнаямлення і падпісання выпраўленых пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія раней адправіла на дапрацоўку іншая прызначаная Лукашэнкам на пасаду суддзі грамадзянка – Элеанора Ярмоленка. Пры гэтым на важнае працэсуальнае дзеянне не дапусцілі прадстаўніка Уладзіміра Целепуна ў адміністрацыйным працэсе – ягонага сына Юрыя, хаця, нават лукашэнкаўскі Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае права на наяўнасць абаронцы ці прадстаўніка асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ад пачатку адміністрацыйнага працэсу.

Тым не менш, Канопліч не толькі склаў тыя пратаколы, але і, відавочна, прыняў рашэнне зняволіць Уладзіміра Целепуна – з таго азнаямлення і падпісання ён з РАУС так і не выйшаў.

19 верасня палітычную расправу над Уладзімірам Целепуном завяршала Марына Буглак. Яна, нягледзячы на шэраг працэсуальных парушэнняў, прызнала Целепуна вінаватым у захаванні з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў. Такімі матэрыяламі Буглак палічыла рэпосты матэрыялаў са сродкаў масавай інфармацыі – тэлеканала Белсат і Радыё Свабода, а таксама з суполкі «Страна для жизни», зробленыя Уладзімірам Целепуном яшчэ ў 2021 годзе. Марына Буглак пастанавіла арыштаваць Уладзіміра Целепуна на 15 содняў.

Пакаранне за распаўсюд інфармацыі з’яўляецца парушэннем права на пошук, збор і распаўсюд інфармацыі – аднаго з падставовых правоў чалавека, прадугледжанага Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Марына БУГЛАК. 

Марыя Буглак шматкроць удзельнічала ў палітычных рэпрэсіях. Яна праславілася ў Мазыры і ўвогуле на Палессі сваім цынічным парушэннем правоў людзей і ігнараваннем прадугледжаных нават цяперашнім лукашэнкаўскім законам нормаў. Так падчас жорсткага гвалту карнікаў адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года яна вынесла прысуд, звязаны са зняволеннем, моцна збітаму супрацоўніку Мазырскага НПЗ Юрасю Чаранкову, хаця, акрамя рапартаў карнікаў аб затрыманні ў раёне правядзення мірнага пратэстнага сходу, ніякіх аб’ектыўных доказаў віны Юрася ў інкрымінаваным яму правапарушэнні ў той справе не было. Пры гэтым так званы суд Буглак праводзіла не ў памяшканні суда, куды маглі прайсці іншыя грамадзяне, а ў будынку РАУС, куды нікога не прапускалі, тым самым парушаючы права быць судзімім бесстароннім і публічным судом. А скаргі Чаранкова на збіццё і катаванні падчас затрымання і ў РАУСе Буглак цынічна праігнаравала.  
У верасні 2020 года Марына Буглак асудзіла мазыранку Кацярыну Ляонаву за тое, што яна з сябрамі прайшла вуліцамі горада без нейкіх пратэстных плакатаў ці лозунгаў. Прычым пастанову аб прызнанні Ляонавай вінаватай і прызначэнні пакарання Буглак проста пастя апытання і агалошвання пісьмовых матэрыялаў узяла са стала і зачытала, нават не выходзячы для прыняцця рашэння.
Ужо ў красавіку гэтага года Марына Буглак прасудзіла вялізны штраф адной з жыхарак Калінкавічаў за тое, што яна з сябрамі проста стаяла на цэнтральнай плошчы Мазыра 27 лютага. Гэта Бугла прызнала пікетаваннем.