У Мазыры аштрафавалі супрацоўніка нафтаперапрацоўчага заводу, які выйшаў з плакатам «Не сорамна перад Азотам?»

Палеская Вясна 05.11.2020

Аператар устаноўкі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Вячаслаў Астанін выйшаў 29 кастрычніка 2020 года да прахадной заводу з плакатам «Не сорамна перад Азотам?» Праз 15 хвілін яго забралі супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС.


Вячаслаў АСТАНІН (на пярэднім плане).

29 кастрычніка ў Мазырскім РАУС на Вячаслава Астаніна старшы лейтэнант Аляксандр Вінчанка склаў пратакол, у якім сцвярджае, што 29 кастрычніка ад 7 гадзін 10 хвілін да 7 гадзін 25 хвілін Астанін зладзіў несанкцыянаванае мерапрыемства – пікетаванне каля цэнтральнай прахадной Мазырскага НПЗ, «падчас якога сваімі заклікамі, выкарыстаннем плакату, публічна выказваў свой грамадска-палітычны настрой супраць вынікаў галасавання выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020, у падтрымку масавых страйкаў на дзяржаўных прадпрыемствах».

На судзе Вячаслаў прызнаў сваю віну часткова. Ён згадзіўся, што сапраўды стаяў каля прахадной з плакатам. Але, што выказваўся наконт выбараў альбо заклікаў да страйкаў – не прызнаў.

«Тэкст на плакаце не мае ніякага дачынення да выбараў. Мая мэта была – паказаць салідарнасць з работкамі прадпрыемства “Гродна-Азот”, якія выйшлі на акцыю каля свайго прадпрыемства, але іх пад рулямі аўтаматаў заганялі на працу», – сказаў Вячаслаў Астанін у судзе.
У выніку суддзя Аляксандр Град прызнаў Вячаслава Астаніна вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і пастанавіў спагнаць з яго штраф памерам 15 базавых вялічыняў (405 рублёў).