У Мазыры асудзілі яшчэ трох супрацоўнікаў нафтаперапрацоўчага заводу
Палеская Вясна
04.11.2020
Мужчынаў
затрымалі 2 лістапада, выклікаўшы позвамі ў РАУС у якасці сведкаў.
30 кастрычніка пяцёра супрацоўнікам Мазырскага
нафтаперапрацоўчага завода выйшлі
на алею, што вядзе да галоўнай прахадной прадпрыемства, і прастаялі там каля 20
хвілінаў, трымаючы ў руках плакаты з надпісамі «Колькі трэба
ОМОНаўцаў, каб адкрыць засаўку?», «Колькі будзеце саджаць, каб завод спыніць?», «Супраць гвалту» і некалькі
плакатаў з падпісам «+1». Пасля
акцыі яны сыйшлі на працоўныя месцы і дзень працавалі. Увечары, калі змена раз’язджалася
дамоў, дваіх з іх – тэхніка ўліку Таццяну
Казловіч і эканаміста Мікалая Жлобу,
затрымалі і 2 лістапада правялі над імі суды. Намесніца старшыні суда
Мазырскага раёна Элеанора Ярмоленка прысудзіла Мікалаю Жлобу 10
сутак арышту, а Таццяне Казловіч 30 базавых вялічыняў штрафу.
На гэтыя судовыя паседжанні разам з некалькімі дзясяткамі
супрацоўнікаў заводу мелі намер ехаць іншыя ўдзельнікі акцыі 30 кастрычніка.
Але іх раніцай выклікалі ў аддзел кадраў заводу, дзе ўручылі позвы ў РАУС у якасці
сведкаў. Супрацоўнікі міліцыі павезлі іх у РАУС, дзе і затрымалі ўжо ў якасці
асобаў, у дачыненні якіх вядзецца адміністрацыйны працэс.
3 лістапада правялі суд над намеснікам начальніка ўстаноўкі
вытворчасці серы Канстанцінам Янкіным.
Суддзя Аляксандр Град пакараў адмыслоўца
штрафам у 30 базавых вялічыняў (810 рублёў). 4 лістапада ў судзе Мазырскага
раёна працягнулі расправу над неабыякавымі нафтаперапрацоўшчыкамі. Суддзя Юлія Мішчанка пастанавіла арыштаваць на
7 сутак начальніка вытворча-дыспетчарскага аддзелу Рэната Надршына. А суддзя Галіна
Кніжонак-Максімава вынесла рашэнне аб арышце на 5 сутак
інжынера-праграміста аддзела аўтаматызаваных сістэмаў кіравання тэхналагічнымі
працэсамі Дзмітрыя Каменскага.
Суды над супрацоўнікамі Мазырскага НПЗ пракаментаваў
кіраўнік Мазырскай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Целяпун:
«Усе пяць судовых
працэсаў, якія адбыліся апошнімі днямі паказалі, што суддзі проста выконваюць
нейкую працэдуру, загадзя ўзгоднены рытуал, зусім не жадаючы разбірацца ў
юрыдычных аспектах справаў. Міліцыянты пішуць у пратаколах, што чалавек
выказваў сваё стаўленне да вынікаў выбараў, а ён стаяў з плакатам “Супраць
гвалту”. Паводле ўсіх юрыдычных нормаў – гэта нагода выправіць справу на
дадатковае разбіральніцтва, бо неадпавядаюць рэчаіснасці ключавыя высновы аб’ектыўнага
боку абвінавачвання. І на гэта звяртала ўвагу адвакатка. Але – марна! Ды і само
прыняцце пастановы адбываецца дэманстратыўна фармальна – суддзі нават не
сыходзяць у дарадчы пакой, а зачытваюць загадзя падрыхтаваную пастанову, тэкст
якой, відавочна, складаўся яшчэ да таго, як суддзя пачуў акалічнасці справы ад
яе ўдзельнікаў і адвакатаў. Такое дэманстратыўнае ігнараванне юрыдычных
патрабаванняў паказвае, што законы ў краіне перасталі дзейнічаць. Прычым
беззаконне чыняць тыя, хто нібыта мусіў бы стаяць на варце законнасці».