У Мазыры раніцай пяцёра работнікаў НПЗ выйшлі да прахадной з плакатамі. Увечары дваіх затрымалі
Палеская Вясна
30.10.2020
>>
Сёння да пачатку
працоўнага дня, прыкладна ад 7 да 8 гадзіны раніцы каля галоўнай прахадной на
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод стаялі ў ланцугу пяцёра работнікаў заводу з
плакатамі «Колькі трэба АМАПаўцаў
каб адкрыць засаўку?», «Колькі трэба пасадзіць, каб завод спыніць?», «Супраць
гвалту».
Пасля сканчэння акцыі і з пачаткам працоўнага часу яны ўсе пайшлі на
працоўныя месцы, каб у кіраўніцтва заводу не было фармальных прычынаў іх
звольніць за дысцыплінарнае парушэнне. Пазней да завода праехала міліцэйская «Газэль»
і доўга там стаяла. Некалькі супрацоўнікаў МУС прайшлі ў будынак
заводакіраўніцтва. Але ў працоўны час нікога не затрымлівалі і нават не
выклікалі да кіраўніцтва.
Пасля сканчэння працоўнага часу, пасля 18-й гадзіны, калі работнікі МНПЗ
пачалі раз’язджацца дадому, аўтамабілі некаторых з іх на павароце з завода на
аўтатрасу пачалі спыняць супрацоўнікі ДАІ. Таксама на вачах іншых работнікаў ад
завода міліцыянты вялі некалькіх супрацоўнікаў.
На гэты момант вядома, што затрыманы эканаміст аддзела сацыяльнага развіцця
Мікалай Жлоба і тэхнік ўліку 12-га цэху Таццяна Казловіч. Невядомае месца знаходжання інжынера-праграміста
аддзелу аўтаматызаваных сістемаў упраўлення тэхналагічнымі працэсамі Дзмітрыя
Каменскага, магчыма ён таксама затрыманы. Да яго дамоў прыходзілі міліцыянты,
але яго самога ў той час дома не было.