У Мазыры пакаралі арыштам і штрафам затрыманых каля НПЗ работнікаў і затрымалі яшчэ трох

Андрусь ГАЁВЫ 02.11.2020

У Мазыры адбыліся судовыя працэсы над затрыманымі 30 кастрычніка супрацоўнікамі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, якія выходзілі да прахадной заводу з плакатамі.

30 кастрычніка пасля сканчэння працоўнага дня каля МНПЗ затрымалі Мікалая Жлобу і Таццяну Казловіч. Трое сутак іх трымалі ў Мазырскім ізалятары часовага ўтрымання. Сёння прайшлі судовыя працэсы над імі.


Суддзя Элеанора ЯРМОЛЕНКА.

Абедзьве справы разглядала намесніца старшыні мазырскага суда Элеанора Ярмоленка. Яшчэ да абвяшчэння аб пачатку слуханняў па справе Мікалая Жлобы, пакуль яна заходзіла ў залу, тое, што адбывалася спрабаваў сфатаграфаваць журналіст-фрылансер Андрэй Мядзведзеў. Убачыўшы скіраваны камерай у залу тэлефон, Ярмоленка выдаліла журналіста з залы. Ягоныя пярэчанні пра тое, што паседжанне яшчэ не пачалося, яна праігнаравала.

Падчас судовага пасяджэння эканаміст аддзела сацразвіцця Мікалай Жлоба часткова прызнаў сваю віну. Ён згадзіўся, што стаяў каля прахадной, але не прызнаў віну ў тым, што заклікаў да страйку і выказваў сваё стаўленне да вынікаў галасавання падчас выбараў прэзідэнта. Мікалай моўчкі трымаў у руках плакат з надпісам «Колькі АМАПаўцаў трэба, каб закрыць засаўку?» Акрамя таго, высветлілася, што не адпавядае рэчаіснасці згаданы ў пратаколах час падзеяў, якія апісваюцца ў справе.


Абвінавачаных у адміністрацыйным правапарушэнні судзілі за шкляной загародкай. Мікалай ЖЛОБА і адвакатка Кацярына ЗМУШКА. 

Адвакатка Кацярына Змушка звярнула ўвагу суда на гэтыя неадпаведнасці ў справе, а таксама хадайнічала аб далучэнні да матэрыялаў справы вытворчай характарыстыкі на эканаміста Мікалая Жлобу, у якой ён характарызаваўся са станоўчага боку.

Але суддзя Элеанора Ярмоленка палічыла, што Мікалай Жлоба вінаваты ў здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага часткай 1 артыкула 23.34 КабАП і прысудзіла арыштаваць яго на 10 сутак.

Таксама 2 лістапада высветлілася, што Мікалая Жлобу гэтым чыслом звольнілі з працы. Старшыня пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза на Мазырскім НПЗ Юрый Швец спрабаваў высветліць гэтую інфармацыю ў аддзеле кадраў прадпрыемства. Там яму паказалі загад на звальненне Жлобы на ўласнае жаданне. Але да загаду на раніцу 20лістапада не была далучана заява Мікалая на звальненне. Але Юрыю сказалі, што гэтая заява недзе ёсць.

Пры гэтым з 30 кастычніка Мікалай Жлоба не з’яўляўся на заводзе, бо ўтрымліваўся у Мазырскім ІЧУ. Падчас судовага пасяджэння адвакатка спрабавала высветліць у яго ці пісаў ён такую заяву. Але Мікалай пэўна не адказаў, даўшы зразумець, што, мабыць, заяву напісаў у ІЧУ, але ўласнага жадання яе пісаць у яго не было. 

Праз некалькі хвілін пасля суда над Мікалаем Жлобам адбылося пасяджанне па абвінавачванні ў тым самым правапарушэнні тэхніка уліку цэха № 12 парапаветразабеспячэня Таццяны Казловіч. Яна, паводле сцвярджэння пратакола, 30 кастрычніка з 7.13 па 7.30 зладзіла масавае мерапрыемства – пікетаванне, падчас якога выказвала сваё меркаванне супраць вынікаў галасавання па выбарах прэзідэнта і ў падтрымку масавых страйкаў на дзяржаўных прадпрыемствах.

Пры гэтым, як высветлілася падчас пасяджэння, яна трымала ў руках плакат з надпісам «+1». Яна патлумачыла падчас, што выступае супраць гвалту і рэпрэсіяў.

«Калі чалавека пасядзяць за ягоную грамадзянскую пазіцыю, можна нанесці непапраўны ўрон тэхналагічнаму працэсу. Гвалтам і рэпрэсіямі нічога не даможашся», – сказала Таццяна Казловіч у судзе.

Зачытваючы матэрыялы справы суддзя прачытала пратакол агляду прадметаў, у якім распавядаецца пра агляд мабільнага тэлефона. Міліцыянты разблакавалі экаран яго і знайшлі там «кнопку з выявай у выглядзе папяровага самалёціка», а пад ёй канал «Мозырь 97%», дзе яны знайшлі фотаздымак людзей, якія стаялі каля прахадной НПЗ.

Таксама суддзя назвала сярод матэрыялаў справы рапарт намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Яўгена Рымшы. У ім ён паведаміў, што ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла інфармацыя, што каля прахадной МНПЗ сабралася кампанія людзей, якія заклікаюць не ісці на працу, а далучацца да страйку.

Адвакатка Кацярына Змушка таксама звярнула ўвагу суддзі на тое, што час, пазначаны ў пратаколах і той час, які высветліўся ў судзе, не адпавядаюць адно аднаму. Апісаных у пратаколе стаўлення да вынікаў выбараў і заклікаў да страйку, якія нібыта выказвала Таццяна, з аб’ектыўнага боку справы не праглядаецца.  

Адвакатка таксама папрасіла далучыць да матэрыялаў справы падзяку ад завода, а таксама станоўчую характарыстыку і хадайніцтва працоўнага калектыву аб неўжыванні да Таццяны Казловіч захадаў пакарання, звязаных са зняволеннем. Пад хадайніцтвам падпісаліся 29 калегаў Таццяны.  

Нягледзячы на ўсе супярэчнасці справы, суддзя Элеанора Ярмоленка прызнала, што Таццяна Казловіч вінаватая ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і пастанавіла аштрафаваць яе на 30 базавых вялічыняў (810 рублёў).

Таццяна КАЗЛОВІЧ з сынам адразу пасля вызвалення. 

У дзень судоў над затрыманымі 30 кастрычніка на НПЗ затрымалі яшчэ траіх удзельнікаў пятнічнай акцыі – намесніка начальніка ўстаноўкі Сяргея Янкіна, начальніка ВДА Рэната Надрышына і інжынера аўтаматызаваных сістэмаў кіравання тэхналагічнымі працэсамі Дзмітрыя Каменскага. Ім у аддзеле кадраў заводу ўручылі позвы ў РАУС у якасці сведкаў і адразу затрымалі. Але на волю на 15 гадзін яны так і не выйшлі.

Акрамя таго сёння перад пачаткам працоўнага дня каля 40 чалавек без аніякіх плакатаў затрымаліся на алеі, якая вядзе да прахадной НПЗ. Да аднаго з работнікаў – машыніста тэхналагічнай помпы Аляксандра Пабілусціка, падыйшоў падпалкоўнік міліцыі, які запрасіў яго прайсці ў службовы УАЗ. Там запісалі ягоныя дадзеныя і каля паўгадзіны выпытвалі прычыну таго, што група работнікаў завода не заходзіць на тэрыторыю.