У лютым – дні нараджэння ў двух палітзняволеных у Мазырскім і Рэчыцкім раёнах

Цімур Казачэнка 29.01.2024

>

15 лютага другі раз правядзе дзень народзінаў у няволі Арцём Ласкі з Брэста, адзін з 18 палітзняволеных у папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) у Мазыры. Яму споўніцца 42 гады.

Арцёма Ласкага разам з многімі іншымі асудзілі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Брэсце 13 верасня 2020 г., якая адбылася з-за недаверу да абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Прыгавор – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – быў вынесены 30 жніўня 2021 г. судом Ленінскага раёна Брэста. Справу вялі па частцы 1 “народнага” артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

З 11 снежня 2021 г. жыхар Брэста знаходзіцца ў ПУАТ. 14 снежня 2021 г. праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным. Яму можна напісаць на адрас: ПУАТ № 17, бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, 247783.

26 лютага трэці год сустрэне дзень народзінаў у зняволенні Вікторыя Кульша, тройчы асуджаная палітзняволеная, якая знаходзіцца ў жаночай калоніі № 24 у г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна. Яна была затрымана 4 лістапада 2020 г. за адміністраванне пратэстнага “Тэлеграм”-канала “Кіроўцы 97”. 3 сакавіка 2021 г. прызнана праваабаронцамі палітзняволенай. Першы прыгавор https://palesse.press/news.php?slug=0070 ёй быў вынесены 4 чэрвеня 2021 г. у судзе Заводскага раёна Мінска – 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, па частках 1 і 2 ўсё таго ж арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Віну, як і двое іншых асуджаных адміністратараў гэтага канала, яна не прызнала.

У зняволенні Вікторыю асудзілі яшчэ 2 разы за “злоснае непадпарадкаванне” (арт. 411 КК). Такая крымінальная справа ўзбуджаецца па ініцыятыве адміністрацыі калоніі.

Адзін з гэтых прысудаў быў вынесены судом Чыгуначнага раёна Гомеля 13 чэрвеня 2022 г., пасля чаго палітзняволеную перавялі ў калонію ў Зарэчча. Там адбываюць пакаранні жанчыны, асуджаныя пры незнятай судзімасці. У Зарэччы Вікторыю змяшчалі ў ШІЗА, затым – у памяшканне камернага тыпу на 6 месяцаў.

Другі прыгавор https://palesse.press/news.php?slug=7609 вынес суд Рэчыцкага раёна 7 красавіка 2023 г. Кожны з прыгавораў – яшчэ 1 год пазбаўлення волі, гэта максімальны тэрмін за “злоснае непадпарадкаванне”. Такім чынам, па трох прыгаворах тэрмін зняволення Вікторыі складае 4,5 гады.

Напісаць ёй можна на адрас: ПК № 24, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі р-н, Гомельская вобл., 247526.

У калоніі ў Зарэччы знаходзяцца 4 палітзняволеныя-жанчыны. Агульная колькасць палітзняволеных у месцах зняволення ў Гомельскай вобласці на цяперашні час – 179, у цэлым па Беларусі – 1408.

На здымку: Арцём Ласкі.