У лютым у трох палітзняволеных у Мазырскім і Рэчыцкім раёнах – дні народзінаў
Цімур Казачэнка
09.02.2023
>
У лютым свой дзень народзінаў
сустрэнуць у зняволенні двое палітвязняў у ПУАТ-17 у Мазыры, а таксама адна з
палітзняволеных-жанчын у калоніі № 24 у Рэчыцкім раёне. Іх можна павіншаваць,
даслаўшы паштоўку, ліст альбо тэлеграму.
13 лютага жыхар г. Смаргонь Гродзенскай
вобласці Руслан Валюк, які адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) № 17 у Мазыры, мог бы адзначыць свае 35-годдзе
ў коле родных і сяброў. Аднак 18 лютага 2021 г. суд Смаргонскага раёна
прыгаварыў яго да 2 гадоў абмежавання волі за тое, што грамадзянін у верасні
2020 г. расклеіў у сваім горадзе ўлёткі. У іх было напісана, што старшыня
ўчастковай выбарчай камісіі сказіла вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах,
а начальнік аддзела аховы правапарадку РАУС кіраваў затрыманнямі ўдзельнікаў
пратэстаў. Прыгавор вынесены паводле часткі 2 артыкула 188 Крымінальнага
кодэкса – «Паклёп». Пакаранне Руслан адбывае з 29 траўня 2021 г., 1 чэрвеня
2021 г. ён быў прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным.
15 лютага свой дзень народзінаў адзначыць яшчэ
адзін палітзняволены ў ПУАТ-17 – Арцём
Ласкі з Брэста, якому споўніцца 41 год. Ён – адзін з многіх, хто асуджаны
за ўдзел у акцыі пратэсту ў Брэсце 13 верасня 2020 г., якая адбылася з-за
недаверу да абвешчаных уладай вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Справа вялася
паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны
ўдзел у іх». Прыгавор Арцёму быў агучаны судом Ленінскага раёна Брэста 30
жніўня 2021 г. – 2 гады абмежавання волі. У ПУАТ грамадзянін знаходзіцца з 11
снежня 2021 года. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным 14 снежня 2021
года.
Ім
абодвум можна пісаць на адрас: ПУАТ № 17,
бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, 247783. На цяперашні час у гэтай ПУАТ
знаходзяцца 14 палітзняволеных.
А 26 лютага у трэці раз сустрэне свой
дзень народзінаў за кратамі палітзняволеная
Вікторыя Кульша. Ёй можна напісаць на адрас:
папраўчая калонія № 24, вул. Вытворчая,
44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі р-н, Гомельская вобл., 247526. У гэтай жаночай
калоніі зараз трое палітзняволеных-жанчын.
Нагадаем,
што разам у краіне зараз налічваецца 1433 палітзняволеных.
На здымку: Руслан Валюк.