Светлагорскі ЗБЦ атрымаў усе заключэнні і рыхтуецца да ўводу ў эксплуатацыю. Але па-ранейшаму смярдзіць

Андрусь ГАЁВЫ 07.02.2020

У студзені ўсе кантралюючыя органы далі заключэнні, якія дазваляюць уводзіць завод беленай цэлюлозы ў эксплуатацыю.

Пра гэта ў адказе адной з актывістак ініцыятыўнай групы, якая змагаецца за спыненне шкодных выкідаў завода, Ганне Сомавай, паведаміў генеральны дырэктар Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, у склад якога ўваходзіць ЗБЦ, Юрый Крук.

Генеральны дырэктар піша, што зараз завод працуе на магутнасці больш за 85% ад праектнай і выпускае цэлюлозу, якая адпавядае ДАСТу 1989 года. Таксама Крук даводзіць, што ў студзені атрыманыя ўсе заключэнні зацікаўленых кантралюючых органаў і цяпер рыхтуюцца дакументы для ўводу завода ў эксплуатацыю.

Інфармацыя пра тое, што зацікаўленыя ведамствы ўзгаднілі ўвод завода, з’явілася ў экаактывістаў у пачатку лютага. Тады жыхары горада звязвалі прыспешванне ўводу з магчымым візітам у Светлагорск Аляксандра Лукашэнкі. Але ён 4 лютага наведаў толькі кардонны завод у Добрушы, які таксама, як і Светлагорскі ЗБЦ, будавалі кітайцы, і які таксама не працуе – закансерваваны.

Імаверна, у тым ліку і наконт Светлагорскага ЗБЦ Лукашэнка, паводле ягонай заявы ў Добрушы, збіраецца весці «сур’ёзную размову» з кіраўніком Кітаю Сі Цьзіньпінам. Ён даручыў падрыхтаваць спіс праектаў, якія «правалілі» кітайскія падрадчыкі.

«Я яму [Сі Цьзіньпіну] ўжо неяк намякаў. А зараз мы грунтоўна пра гэта пагаворым. І гэтым кампаніям мала не падасца. Для нас гэта чарговая навука як трэба працаваць з замежнікамі. Аказваецца не ўсе яны белыя і пухнатыя», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.  


Чытайце таксама: 

 


Гатоўнасць заводу да ўводу ў эксплуатацыю мае пад сабой сканэчнне пуска-наладкавых работ і адпаведнасць тэхналагічнага працэсу праектным дакументам. Тым не менш, нягледзячы на тое, што кантралюючыя органы падпісалі дакументы аб гатоўнасці заводу да ўводу, жыхары прылеглай вёскі Якімава Слабада працягваюць скардзіцца на выкіды і шум.

«Цяпер 6 лютага. У 4 гадзіны 50 хв. патэлефанавала ў РАНС - кіслароду няма, смурод жудасны серавадародам і хімікатамі, моцна загуло на заводзе ў гадзіну ночы і працягваецца зараз, г.зн. узмоцнена, пад велізарным ціскам ў паветра выкідваюцца атрутныя газы з усіх труб гэтай душагубкі!!! Перабудаваліся, брыдоты, менавіта з 12-ай ночы і да 6-7-ай гадзіны раніцы (калі ўсе людзі спяць!!!) запускаюць самыя атрутныя працэсы з узмоцненым выкідам у атмасферу усіх атрутных рэчываў. Акрамя МНС, якое толькі фіксуе скаргі, але нічым дапамагчы не можа, патэлефанаваць няма каму!!! У 5 гадз. 40 хв. акрамя гуду і шуму, чутны грукат па метале!!! Усе начальнікі спяць, людзі задыхаюцца ноччу, дапамагчы ніхто не можа!!!», – піша ў сацыяльнай сетцы Однакласнікі жыхарка Якімавай Слабады Людміла Ісаенка.

«2020/02/03. Светлагорск. Кітайскі ЗБЦ. Смурод цэлы дзень у Як. Слабадзе. А ў абед каля 14 гадзін наогул жудасны хімічны смурод. Нешта выпусцілі ў атмасферу ці проста парывам ветру прынесла гэтую усю гадасць, але дыхаць было немагчыма. Праседзелі з дзіцём дома цэлы дзень. Колькі ж гэты здзек будзе працягвацца??? Няўжо з 2017 году ніяк не могуць выправіць і наладзіць ачыстку? Усе чынушы пра гэта ведаюць і робяць выгляд, што ўсё добра. А людзі, як паддоследныя жывёлы, пакутуюць. Кожны дзень стаіць гэты невыносны пах. Куды вецер, там і смурод. Часам больш, часам менш, часам, як сёння, проста невыносна. І гэтай брыдоце няма канца. Няма ўжо ніякіх сіл трываць гэта. Ганьба і нянавісць ўсім тым, хто стаіць за будаўніцтвам гэтай пачвары, хто не падумаў пра людзей і дзяцей, якія жывуць пад трубамі гэтага праклятага заводу!!!», – абураецца ў тых жа Аднакласніках іншая жыхарка Якімавай Слабады Жанна Салавей.  


Чытайце таксама: 

 


Пры гэтым на сайце ЦКК змешчаныя звесткі пра замеры выкідаў, зробленыя 29 студзеня. Прысутнічае тут і метантыёл (той самы смярдзючы метылмеркаптан) у канэнтрацыі 0,0058 мкг/м3 пры гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі 0,009 мкг/м3.

Каардынатарка ініцыятыўнай групы экаактывістаў, кіраўніца Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова пракаментавала сітуацыю:

«Чыноўнікі пішуць, што ўсё адпавядае ДАСТу. Але чамусьці Лукашэнка не паехаў у светлагорскі Асвенцым дыхаць гэтай атрутай. ЦКК паказвае, што метантыёлу выкідвае менш за ГДК. Але ж, па-першае, згодна з комплексным прыродаахоўным заключэннем, выдадзеным для будаўніцтва гэтага завода, ён такі газ увогуле не мусіць выкідваць. А па-другое, любая гранічна-дапушчальная канцэнтрацыя – ніжэй за парог адчування газу органамі нюху. Калі мы яго адчуваем, ды яшчэ і маем наступствы для здароўя – значыць ГДК перавышаная. А завод справаздачыцца, што ўсё ў межах дапушчальнага. Дык ці можна верыць гэтым звесткам? Вядома ж – не! І, калі з такімі хібамі кантралюючыя органы, у тым ліку Мінпрыроды і Мінздароўя, падпісалі заключэнні пра гатоўнасць завода да ўводу ў эксплуатацыю, значыць ён не перастане смярдзець і пасля ўводу, і пасля выхаду на праектную магутнасць. Значыць увесь гэты час светлагорцаў улады папросту дурылі, кажучы, што трэба патрываць, і пасля ўводу выкіды спыняцца. Гатоўнасць да ўводу – гэта сканчэнне пуска-наладкі. Яна скончаная, а завод смярдзіць. І будзе смярдзець, пакуль жыхары разам не выступяць  супраць нахабнай хлусні ўлады і прагі нажывы на здароўі сваіх жа землякоў!»


Чытайце таксама: