Ведамствы ўзгаднілі ўвод смярдзючага завода ў Светлагорску ў эксплуатацыю?
Андрусь ГАЁВЫ
01.02.2020
У Светлагорску ў актывістаў ініцыятыўнай групы, якая змагаецца супраць шкоднага ўплыву на экалогію збудаванага кітайскімі будаўнікамі завода беленай цэлюлозы, з’явілася інфармацыя пра тое, што ўсе зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы падпісалі ўзгадненні на ўвод завода ў эксплуатацыю.
Такую інфармацыю ініцыятыўнай групе перадала крыніца, блізкая да кіраўніцтва Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, у склад якога ўваходзіць і новазбудаваны завод беленай цэлюлозы.
1 лютага каардынатарка ініцыятыўнай групы, кіраўніца Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алена Маслюкова датэлефанавалася на прамую лінію да першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслава Пірштука, каб запытацца ў яго ці падпісала дакумент пра гатоўнасць светлагорскага завода Мінпрыроды.
Баляслаў ПІРШТУК (крайні справа) на калегіі Мінпрыроды. Фота: minpriroda.gov.by
«Баляслаў Пірштук адказаў мне, што 29 студзеня ў Мінпрыроды былі падпісаныя нейкія дакументы, якія датычацца Светлагорскага ЗБЦ. Але якія канкрэтна дакументы, ён не ведае», – распавяла Алена Маслюкова.
Спраўдзіць інфармацыю ў іншых дзяржаўных органах пакуль не ўдалося. Афіцыйных паведамленняў на сайтах СЦКК і канцэрна «Беллеспаперапрам», у які ўваходзіць прадпрыемства, таксама няма. Але ў Светлагорску актыўна гавораць, што ў бліжэйшы аўторак магчымы візіт у горад прэзідэнта Лукашэнкі. І тэрміновае падпісанне ўзгадненняў на ўвод завода ў эксплуатацыю звязваюць менавіта з гэтым.
Баляслаў Пірштук, які пасля сканчэння свайго тэрміну ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў (працаваў віцэ-спікерам) ад Рэчыцкай выбарчай акругі, прызначаны першым намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з 1990 па 2007 год працаваў спачатку намеснікам, а потым старшынём Светлагорскага гарадскога і раённага выканкамаў.
Светлагорскі завод беленай цэлюлозы павінен быў быць пушчаны ў эксплуатацыю яшчэ ў 2017 годзе, але на поўную магутнасць не працуе і дагэтуль. Афіцыйна там усё яшчэ вядуцца пуска-наладкавыя работы. Раней іх выконвалі кітайцы, якія, як высветлілася, нарабілі падчас будаўніцтва шмат хібаў.
Чытайце таксама:
Завод шматкроць рабіўся фігурантам экалагічных скандалаў і дагэтуль працягвае падчас пуска-наладкі выкідваць у паветра Светлагорска смярдзючы газ метылмеркаптан, які выклікае ў жыхароў сур’ёзныя разлады здароўя. У сувязі з тым, што з-за скандалаў кітайцы з’ехалі з Беларусі і не працягваюць даводзіць да ладу сваю пабудову, Светлагорскі ЦКК вырашыў скасаваць кантракт з кітайцамі і рабіць наладку самастойна.
Чытайце таксама:
Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, наведваючы прадпрыемства ў траўні мінулага года, паставіў задачу запусціць завод да канца года. Гэта ж абяцалі жыхарам горада і мясцовыя ўлады і кіраўніцтва канцэрна «Беллеспаперапрам», да якога належыць Светлагорскі ЦКК. Але на канец 2019 года завод так і не быў уведзены ў эксплуатацыю.
Чытайце таксама:
Як паведаміла Алена Маслюкова, яшчэ ў пятніцу і раніцай у суботу каля завода ў і размешчанай побач вёсцы Якімава Слабада па-ранейшаму смярдзела выкідамі метылмеркаптану.