Каля Светлагорскага ЗБЦ вёску засыпала белым попелам

Андрусь ГАЁВЫ 06.01.2020

Вёска Якімава Слабада, якая ўжо некалькі гадоў пакутуе ад паху метылмеркаптану, што выкідваецца размешчаным побач заводам беленай цэлюлозы, і невыноснага шуму працуючых агрэгатаў завода, цяпер пацярпела яшчэ і ад выкіду невядомага рэчыва, якое, нібы попел, засыпала вуліцы, дамы і машыны вяскоўцаў.

Яшчэ ў канцы снежня ад завода адчуваўся моцны смурод. А 2 студзеня ў вільготным надвор’і па-над вёскай прасцёрся шлейф густога светлага дыму альбо пары. Зраніцы 3 студзеня на вокнах, на дахах дамоў, на зямлі і на машынах пад тымі месцамі, праз якія праходзіў шлейф, апынуўся белы налёт, які нагадваў попел.

Вяскоўцы выклікалі ў Якімаву Слабаду галоўнага санітарнага доктара Светлагорскага раёна Аляксандра Лугінца. Але ён не змог патлумачыць, што адбылося. Казаў жыхарам вёскі, каб яны даказалі, што гэтае рэчыва ад завода. У прысутнасці жыхароў вёскі тэлефанаваў нейкаму кіраўніцтву і раіўся, што яму рабіць.

Людзі звярталіся да Аляксандра Лугінца з просьбай зрабіць адбор пробаў рэчыва для аналізу, але ён адмаўляўся. У выніку жыхары Якімавай Слабады самі сашкраблі з машын гэты налёт і прымусілі Лугінца ўзяць яго для праверкі. Ці праводзілася яна, пакуль невядома. 

Пазней жыхары Якімавай Слабады выклалі ў сецсетках фота трубы на заводзе беленай цэлюлозы, наверсе якой таксама заўважныя светлыя плямы, якія нагадваюць той налёт.

«Хочацца запытацца, гледзячы ў вочы ўсім тым "высокім і нізкім" начальнікам: "Колькі можна падманьваць людзей? Колькі можна іх атручваць?". Няма веры іх запэўніванням, што ўсё будзе добра, толькі пацярпець трэба», – гаворыць Алена Маслюкова, каардынатарка ініцыятыўнай групы экаактывістаў і кіраўніца Светлагорскай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна».