Кітай не лічыць скасаванай дамову паміж Светлагорскім ЦКК і карпарацыяй «САМСЕ»?

Палеская Вясна 03.12.2019

Гэта вынікае з дакладной запіскі, копію якой распаўсюдзіў у сваім тэлеграм-канале блогер NEXTA.

Дакладную на імя прэм’ер-міністра Сяргея Румаса склаў начальнік галоўнага ўпраўлення міжнароднай супрацы і гандлю апарата Савета Міністраў Дзмітрый Гарэлік. У ёй ён цытуе іншую дакладную запіску – намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалая Снапкова на імя Лукашэнкі.

Мікалай СНАПКОЎ. Фота: belta.by

Снапкоў паведамляе Лукашэнку, што падчас свайго візіту ў Кітай ён сустрэўся з членам палітбюро ЦК КПК То Шэнкунем, з якім абмяркоўваў сітуацыю, што склалася паміж Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінатам і кітайскай кампаніяй САМСЕ. Член кітайскага палітбюро адзначыў, што «ведамствы павінны прыкладаць намаганні для зняцця праблемаў».

Таксама Снапкоў піша пра тое, што ён сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Эксімбанку Кітая Се Пінам. Менавіта Эксімбанк Кітая выдаў Беларусі крэдыт на пабудову ў складзе Светлагорскага ЦКК завода беленай цэлюлозы, коштам 770 мільёнаў даляраў. Кітайскі банкір, паводле Снапкова, выказаў гатоўнасць знайсці варыянт мірнага вырашэння канфікту.

У той жа час, піша Снапкоў, «кітайскі бок разглядае камерцыйны кантракт як адзінае цэлае з крэдытным пагадненнем паміж Эксімбанкам і Мінфінам». Таксама Снапкоў дакладвае Лукашэнку, што «кітайскім бокам кантракт не лічыцца скасаваным, паколькі не былі выкананыя працэдуры яго скасавання».

Нагадаем, яшчэ ў жніўні паведамлялася пра тое, што ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» скасоўвае складзены ў 2010 годзе кантракт з САМСЕ на пабудову завода беленай цэлюлозы. Гэты завод павінен быў быць пушчаны ў эксплуатацыю яшчэ ў 2017 годзе, але на поўную магутнасць не працуе і дагэтуль. Там усё яшчэ вядуцца пуска-наладкавыя работы. Раней іх выконвалі кітайцы, якія, як высветлілася, нарабілі падчас будаўніцтва шмат хібаў.

Завод шматкроць рабіўся фігурантам экалагічных скандалаў і дагэтуль працягвае падчас пуска-наладкі выкідваць у паветра Светлагорска смярдзючы газ метылмеркаптан, які выклікае ў жыхароў сур’ёзныя разлады здароўя. У сувязі з тым, што з-за скандалаў кітайцы з’ехалі з Беларусі і не працягваюць даводзіць да ладу сваю пабудову, Светлагорскі ЦКК і вырашыў скасаваць кантракт і рабіць наладку самастойна.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, наведваючы прадпрыемства ў траўні гэтага года, паставіў задачу запусціць завод да канца года. Гэта ж абяцалі жыхарам горада і мясцовыя ўлады і кіраўніцтва канцэрна «Беллеспаперапрам», да якога належыць Светлагорскі ЦКК. Але пакуль фінішу так званых пуска-наладкавых работ у Светлагорску не чуваць.

Як вынікае з дакладной Мікалая Снапкова, нягледзячы на тое, што Беларусь у выніку прывязанага да крэдыту кітайскага Эксімбанка будаўнічага кантракту так і не атрымала завод, пра які дамаўляліся, крэдыт нашай краіне, усё ж, давядзецца выплочваць.

Як паведамляе Гарэлік Румасу, Лукашэнка на прапанову Снапкова загадаў накіраваць у Кітай прадстаўнікоў Светлагорскага ЦКК і Міністэрства фінансаў, каб тыя вырашалі ўзніклыя праблемы.