Надо перетерпеть, – памочнік прэзідэнта на сустрэчы з жыхарамі Светлагорска і Якімавай Слабады
Андрусь ГАЁВЫ
30.10.2019
Ажно тры групы жыхароў праблемнага ў экалагічным плане горада і прылеглай вёскі, якія сталі закладнікамі эканамічных амбіцыяў улады, запісаліся на прыём да памочніка прэзідэнта, інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Шулейкі.
Юрый ШУЛЕЙКА, Фота: gp.by
Спачатку мясцовая ўлада, якая рыхтавала прыём Шулейкі ў Светлагорску хацела аб’яднаць усіх, хто хацеў падчас прыёму ўзнімаць тэму выкідаў метылмеркаптану з пабудаванага кітайцамі завода беленай цэлюлозы, у адну групу і завесці ў пакой прыёму разам. Але заяўнікі адмовіліся, бо меркаванні гарадскіх жыхароў і тых, хо прыехаў з Якімавай Слабады могуць адрознівацца. Такім чынам да Шулейкі прыйшлі ажно тры групы, якія казалі пра шкоду ад новапабудаванага завода.
Ганна Сомава – актывістка ініцыятыўнай групы, што змагаецца за права светлагорцаў на спрыяльнае наваколле, якая была ў адной з груп, распавяла карэспандэнту Палескай Вясны, што разам з ёю былі жыхары Якімавай Слабады. У восеньска-зімовы перыяд найчасцей пераважаюць вятры менавіта ў напрамку ад завода на гэтую вёску. Таму і выпадкі, калі ў Слабадзе смярдзіць меркаптанам і ў жыхароў здараюцца прыступы, зараз зноў пачасціліся.
Ганна СОМАВА
Людзі ў чарговы раз спрабавалі дамагчыся адказу на пытанне – калі ж пачнуць хаця б вымяраць тое, чым іх труцяць. Ганна Сомава, якая раней працавала лекарам у Светлагорскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, звярнула ўвагу памочніка прэзідэнта на тое, што гранічна-дапушчальная канцэнтрацыя любога газу заўжды ніжэйшая за парог яго адчування органамі нюху. А, калі меркаптан людзі адчуваюць на пах, ды яшчэ так, што ў некаторых здараюцца крывацёкі, страты прытомнасці ды іншыя медычныя сімптомы, значыць канцэнтрацыя гэтага газу, відавочна, не ў межах ГДК.
Старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Алейнікаў яшчэ 24 ліпеня на сваім прыёме абяцаў экаактывістам, што ўжо ў першай дэкадзе жніўня з’явіцца методыка вымярэння метылмеркаптану і прылады для гэтага, і пачнецца яго вымярэнне. Але ні цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, ні інспекцыя Мінпрыроды і на цяпераші час так і не пачалі вымяраць атрутны газ. Менавіта на гэта і звяртала ўвагу Ганна Сомава разам з жыхарамі Якімавай Слабады.
Дзмітрый АЛЕЙНІКАЎ
Але адказу на пытанні не прагучала. Хаця на прыёме прысутнічалі кіраўнікі раёна, у тым ліку і сам Дзмітрый Алейнікаў, і яшчэ каля трох дзясяткаў кіраўнікоў розных арганізацыяў, ніхто нічога ўцямнага і канкрэтнага не здолеў патлумачыць. Санітарны доктар казаў, што ЦГЭ праводзіць маніторынг паводле шасці паказчыкаў. Але самага небяспечнага – метылмеркаптану, сярод іх няма.
Юрый Шулейка паўшчуваў жыхароў Якімавай Слабады, што заўжды пры запуску новых вытворчасцяў ўзнікаюць нейкія непаладкі, здараюцца нейкія выкіды. Яны ўвесь час высвятляюць нейкія новыя крыніцы выкідаў, усталёўваюць новыя прычыны, змяняюць тэхналагічныя схемы, спрабуюць нешта рабіць. «Надо перетерпеть», – так рэзюмаваў свае развагі памочнік прэзідэнта.
«Я казала, што два гады завод фактычна працуе, выпускае прадукцыю, прадае яе, атрымлівае за гэта грошы, пры гэтым выкідвае ў паветра небяспечны газ, але ні прыладу для яго вымярэння не набылі, ні методыку не распрацавалі. А ў адказ мне – цішыня…», – распавяла Ганна Сомава.
Такую ж праблему ўзнімала і яшчэ адна група, якая хадзіла на прыём да Шулейкі. У яе складзе былі жыхары самога Светлагорску, сярод якіх і актывіст Сяргей Дайнэка, які падзяліўся сваімі ўражаннямі з Палескай Вясной.
Сяргей ДАЙНЭКА, Фота: з сацыяльных сетак
«Яны аптымістычныя: завод запусцяць, але калі – ніхто гэты тэрмін не сказаў. Я спытаў – завод прадукцыю выпускае – выпускае, рэалізуецца прадукцыя – рэалізуецца, кажуць, то я пытаю – а што замінае ўвесь час працаваць на 80% і ўвесь час рабіць гэтыя пуска-наладачныя работы? А ён гаворыць, што ёсць указ прэзідэнта выйсці на 100% і мы павінны яго выканаць».
Таксама чальцы гэтай групы казалі пра тое што, калі збіраліся будаваць гэты завод, мясцовая прэса абяцала, што ён прыцягне ў Светлагорск новых жыхароў, горад расквітнее і паскорыць сваё развіццё. А ў выніку сёння з горада людзі масава з’язджаюць, кошты на кватэры ў Светлагорску ўпалі ніжэй за кошты ў маленькіх гарадках, бо жыллё імкнуцца прадаць хоць за якую суму, каб пераехаць у гарады з больш спрыяльнай экалогіяй. А акрамя гэтага ў Светлагорску няма ні нармальнага парку адпачынку, ні нейкага лядовага палацу ці аквапарку. На што нам параілі ехаць у Жлобін – там усё гэта ёсць і цягнікі туды ходзяць спраўна. Хаця, калі жыхары горада перайшлі з тэмы завода беленай цэлюлозы на тэму парка і сацаб’ектаў, улада ажывілася і пачала казаць, што «вось гэта тэма, вось гэта сапраўды варта абмяркоўваць».
Таксама на прыём прыйшоў жыхар Якімавай Слабады Васіль Грыненка, які выклаў усе свае разважанні ў рукапісным выглядзе на паперы. Ён проста перадаў іх Юрыю Шулейку, і выйшаў.
Як паказвае чарговая сустрэча светлагорцаў з прадстаўнікамі ўлады, гэтыя самыя прадстаўнікі самі не радыя сваёй долі з гэтым заводам беленай цэлюлозы. Жаданне найвышэшага ўладара нашай краіны паказаць сваё сяброўства калегу з Кітая, прымушае ўсіх тых кіраўнікоў, хто ніжэй, выстаўляцца ў такім выглядзе, які прадпісваў мець падначаленым ў вядомым афарызме расійскі цар Пятро І. Прычым выглядаюць яны такімі не перад сваім босам, а перад сваімі суграмадзянамі.