Санстанцыя не ідэнтыфікавала шэры парашок, якім засыпала вёску пад Светлагорскам

Палеская Вясна 18.01.2020

3 студзеня вёску Якімава Слабада пад Светлагорскам прысыпала невядомым парашком. Вяскоўцы жывуць побач з заводам беленай цэлюлёзы, які шматкроць накрываў іх смуродам, таму неадкладна выклікалі санстанцыю. «Бела-шэры парашок не прадстаўляецца магчымым ідэнтыфікаваць», — адказала санстанцыя.


Адказ на свой зварот атрымала праваабаронца Алена Маслюкова. Яна распавяла Радыё Свабода падрабязнасці канфлікту.

Паводле праваабаронцы, ранкам 3 студзеня жыхары Якімавай Слабады заўважылі, што вёску прысыпала невядомым шэрым парашком. «Адзін чалавек вечарам 2 студзеня памыў аўтамабіль, паставіў пад хату чысценькім — а ранкам убачыў, што машына ўся шэрая! Не снег, не шэрань — тэмпэратура была плюсавая! Невядома што. Вяскоўцы неадкладна выклікалі санстанцыю і наскрэблі таго парашку. Галоўны лекар санстанцыі Аляксандар Лугінец прыехаў, але адмовіўся браць на аналіз той парашок. Людзі настойвалі, каб санстанцыя зрабіла аналіз рэчыва — бо хто ведае, што ім сыплецца на галаву і адкуль?», — зазначыла Алена Маслюкова.

Яна напісала зварот у санстанцыю — каб даведацца вынікі аналізу.
Светлагорскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялогіі адказаў:

— лабараторыя праводзіць даследаванні аб’ектаў паводле паказчыкаў, прыведзеных у вобласці акрэдытацыі, якая з'яўляецца дадаткам атэстата акрэдытацыі. Аб’ектам выпрабаванняў можа быць канкрэтны від прадукцыі або фактар асяродздзя пражывання чалавека, які прызначаны ў вобласці акрэдытацыі;

— з прычыны таго, што прадстаўлены на даследаваньне бела-шэры парашок не прадстаўляецца магчымым ідэнтыфікаваць, як і суаднесці з абʼектамі выпрабаванняў, якія ёсьць у вобласці акрэдытацыі, занальны цэнтар вымушаны адмовіць у правядзенні такой пробы.

«Атрымліваецца — людзі самі павінны шукаць лабараторыю? Ніхто не адказвае за тое, што ім нешта невядомае сыплецца на галаву? Галоўны лекар на сустрэчы з жыхарамі Якімавай Слабады спрачаўся, што парашок — не абавязкова „прадукт“ вытворчасьці „смярдзючага“ заводу. Тады чаму людзям не далі адказ — што гэта за парашок?», — абурылася праваабаронца.

Светлагорскі завод беленай цэлюлёзы будаваўся кітайцамі. Яго пуск неаднаразова адкладаўся. Неаднаразова завод быў у эпіцэнтры шэрагу скандалаў.