За што адбываюць пакаранні жанчыны-палітзняволеныя ў Рэчыцкім раёне
Цімур Казачэнка
06.08.2022
>>
У жаночай папраўчай калоніі № 24 ў
Рэчыцкім раёне знаходзяцца тры палітычныя зняволеныя: Алена Маўшук, Ірына Паляніна
і Паліна Шарэнда-Панасюк.
У Гомельскай вобласці існуе дзве
жаночыя калоніі: № 4 – у Гомелі, і № 24 – у г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна. У
гомельскай калоніі на цяперашні час адбываюць пакаранні 41
палітзняволеная-жанчына, у зарэчанскай – трое.
Алена Маўшук – з г. Пінска Брэсцкай вобласці. Яна была затрымана 10 жніўня 2020 года (пасля
прэзідэнцкіх выбараў) і абвінавачана паводле часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса – «Масавыя беспарадкі». 17 верасня 2020
г. праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. 30
красавіка 2021 г. у судзе Маскоўскага раёна г.
Брэста суддзя Брэган Яўгеній прыгаварыў
грамадзянку да 6 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У
палітзняволенай ёсць 3 дачкі, у тым ліку 2 непаўнагадовыя. Яе муж асуджаны да
6,5 год пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, ён таксама прызнаны
палітзняволеным. Разам былі асуджаны 14 грамадзян з Пінску.
2 гады пазбаўлення волі ў калоніі
агульнага рэжыму – такое пакаранне адбывае
Ірына Паляніна з г. Паставы Віцебскай вобласці. Яна была затрымана 26
красавіка 2021 года і абвінавачана па двух артыкулах КК: 369 – “Абраза прадстаўніка ўлады” (напісала абразлівы
каментарый у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам, на якім быў начальнік
Пастаўскага РАУС Рыбакоў Аляксандр),
і 295 – “Незаконныя дзеянні ў дачыненні да
агнястрэльнай зброі, баепрыпасаў і выбуховых рэчываў” (пры аглядзе жылля
выявілі патроны для малакалібернай вінтоўкі, якія раней належалі яе бацьку і
якія грамадзянка знайшла ў доме маці). 27 траўня 2021 г. праваабаронцы прызналі
яе палітзняволенай. “Не аспрэчваючы супрацьпраўнага характару дзеянняў
абвінавачанай у частцы захоўвання баепрыпасаў, мы канстатуем цвёрдае
перакананне ў палітычна матываваным пераследзе абвінавачанай па крымінальнай
справе” – заявілі яны. Прыгавор ёй вынес суд Пастаўскага раёна 26 красавіка
2021 г.
У ліпені з гомельскай калоніі № 4 ў калонію №
24 была этапавана Паліна Шарэнда-Панасюк
з Брэста, якая асуджана двойчы. Спачатку – да
2 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле артыкулаў 364 (гвалт
альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных
спраў), 368 (абраза прэзідэнта) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Гэты
прыгавор вынес той жа самы суддзя ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Затым, у
перыяд адбыцця пакарання ў калоніі ў Гомелі, палітзняволеная была прыгаворана
яшчэ да 1 года пазбаўлення волі паводле артыкула 411 (злоснае непадпарадкаванне
патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Яна была першай
жанчынай-палітзняволенай у краіне, асуджанай за “злоснае непадпарадкаванне”.
Ім можна дасылаць паштоўкі і лісты
на адрас: папраўчая калонія № 24, вул. Вытворчая, д. 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі
р-н, Гомельская вобл., 247526.
Сярэдні тэрмін пакарання
жанчын-палітзняволеных у калоніі ў Зарэччы – 3,6 гады пазбаўлення волі. У
мужчынскай калоніі, якая знаходзіцца ў Мазырскім раёне, сярэдні тэрмін пакарання ў палітзняволеных – 6,8 гады.
12 жанчын-палітзняволеных на
цяперашні час знаходзяцца таксама ў СІЗА-3 ў Гомелі. Такім чынам, у месцах
зняволення ў Гомельскай вобласці зараз 56 палітзняволеных-жанчын. Агульнаяколькасць палітзняволеных у Гомельскай вобласці на сённяшні
дзень – 172.
У цэлым у краіне на сёння
налічваецца 1251 палітзняволены, сярод іх 139 жанчын.
На здымках: Алена Маўшук, Ірына Паляніна, Паліна Шарэнда-Панасюк.