У калонію ў Рэчыцкім раёне перавялі палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк
Цімур Казачэнка
26.07.2022
>>
У папраўчую калонію № 24, якая знаходзіцца ў
г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна, перавялі палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк. Да
гэтага яна ўтрымлівалася ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. На працягу месяца
нікому не было вядома аб месцазнаходжанні палітзняволенай, таму што яе на 20
дзён змясцілі ў карцар.
Пра гэта 22 ліпеня паведаміў у “Фэйсбуку”
Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай:
“Гэты перыяд Паліна правяла ў ШІЗА 20 дзён.
ПК-24 – калонія для жанчын-рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае
злачынства. Знаходзіцца ў лесе паміж Рэчыцай і Светлагорскам і вядома вельмі
суровымі ўмовамі ўтрымання. ПК-24 таксама вядома дрэннымі санітарнымі ўмовамі
ўтрымання зняволеных і цяжкай фізічнай працай”.
Зняволеным, змешчаным у карцар (штрафны
ізалятар, ці ШІЗА) артыкулам 35 Закона “Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў
пад вартай” забараняецца перапіска.
У жаночай калоніі № 24 утрымліваюцца таксама
палітзняволеныя Алена Маўшук і Ірына Паляніна. Калонія
знаходзіцца за 3 км ад г. п. Зарэчча на тэрыторыі колішняй вайсковай часткі, па
некаторых звестках, у савецкі час там рабілася зборка ядзерных баепрыпасаў.
Паліна Шарэнда-Панасюк з Брэста была
затрымана 3 снежня 2021 года. У судзе Маскоўскага раёна г. Брэста 9 чэрвеня
2021 г. ёй быў вынесены прыгавор па трох артыкулах крымінальнага кодэкса: 364 –
“Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў
унутраных спраў” (нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія выламалі дзверы ў
яе кватэры), 368 – “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, і 369 – “Абраза
прадстаўніка ўлады”. Паводле прыгавору, які падпісаў суддзя Брэган Яўгеній
Анатольевіч, яна асуджана на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага
рэжыму. У той жа дзень праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.
У канцы лютага 2022 г. супраць Паліны Шарэнды-Панасюк па ініцыятыве адміністрацыі калоніі № 4 (начальнік –
падпалкоўнік унутранай службы Дзяніс Таўсцянкоў) - была ўзбуджана
яшчэ адна крымінальная справа, паводле часткі 2 артыкула 411 КК – “Злоснае
непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. 7 красавіка
2022 г. суддзя суду Чыгуначнага раёна г. Гомеля Мікалай Крупадзёраў пастанавіў прызначыць П. Шарэндзе-Панасюк яшчэ 1 год пазбаўлення волі. Гэта
першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па дадзеным артыкуле.
Паштоўкі і лісты П. С. Шарэндзе-Панасюк, а
таксама А. У. Маўшук і І. Ю. Палянінай можна дасылаць на адрас: папраўчая калонія
№ 24, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі р-н, Гомельская вобл., 247526.