>
173 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі
палітычнымі зняволенымі, утрымліваюцца на сённяшні дзень у Гомелі, Мазырскім і
Рэчыцкім раёнах. Сярод іх – 55 жанчын.
На Гомельшчыне існуюць 10 устаноў,
падпарадкаваных Упраўленню па Гомельскай вобласці Дэпартамента выканання
пакаранняў МУС РБ. Палітзняволеных трымаюць у шасці з іх. Гэта – следчы
ізалятар № 3, тры папраўчыя калоніі (ПК) і дзве папраўчыя ўстановы адкрытага
тыпу (ПУАТ).
У СІЗА-3 у Гомелі на цяперашні час знаходзяцца
94 палітзняволеныя, у тым ліку 12 жанчын. Сярод іх ёсць і ўжо асуджаныя, і тыя,
хто абвінавачаны і ўзяты пад варту. Пераважная большасць з іх – жыхары
Гомельскай вобласці (77 чалавек), ёсць таксама прывезеныя з Мінску і Гродна. З
усіх месцаў зняволення ў краіне большая колькасць палітзняволеных толькі ў
СІЗА-1 у Мінску – 167.
40 жанчын-палітзняволеных адбываюць пакаранне
ў жаночай ПК-4 у Гомелі, 3 – у жаночай ПК-24 у г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна.
У ПК-20 у Міхалкаўскім с/с Мазырскага раёна
знаходзяцца чатыры палітзняволеныя.
14 палітзняволеных адбываюць пакаранні ў
ПУАТ-17 у Гомелі. У ПУАТ-21 у Мазыры іх 18.
Колькасць палітзняволеных змяняецца,
напрыклад, у траўні ў Гомельскай вобласці іх было 175, а на сярэдзіну ліпеня – 171.
Гэта звязана з тым, што некаторыя з іх адбываюць тэрмін пакарання і выходзяць
на волю, некаторых пераводзяць у іншыя вобласці. У выпадку асуджэння грамадзян
па палітычных матывах праваабаронцы прымаюць заявы аб прызнанні новых палітзняволеных.
Агульная колькасць асобаў у краіне, якія прызнаныя палітзняволенымі, на сённяшні дзень складае 1264 чалавекі.
На фота: Калонія № 24 у г. п. Зарэчча
Рэчыцкага раёна.