Колькасць палітзняволеных у Мазырскім раёне зноў перавысіла 20 чалавек

Цімур Казачэнка 26.07.2022

>

У цяперашні час у месцах зняволення ў Мазырскім раёне адбываюць пакаранні 21 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі.

У Мазырскім раёне месцамі зняволення з’яўляюцца папраўчая калонія № 20 у Міхайлаўскім сельскім савеце і папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 21 у г. Мазыры. У ПК адбываюць пакаранні прыгавораныя да пазбаўлення волі, у ПУАТ – прыгавораныя да абмежавання волі. На цяперашні час у ПК-20 ўтрымліваюцца трое палітзняволеных, у ПУАТ-21 іх 18.

У пачатку мінулага месяца у ПУАТ-21 таксама было 18 палітзняволеных. У чэрвені ў двух з іх закончыўся тэрмін адбыцця пакарання, і яны выйшлі на волю. Аднак у ліпені ў гэтай ПУАТ пачалі адбываць пакаранне яшчэ два чалавекі, якіх прызналі палітзняволенымі. У ПК-20 склад палітзняволеных за гэты перыяд не змяняўся.

Разам у месцах зняволення ў Гомельскай вобласці зараз налічваецца 174 палітзняволеных, з іх 55 жанчын. Найбольшая колькасць утрымліваецца ў СІЗА-3 ў Гомелі – 96 чалавек. У цэлым па краіне прызнаны палітзняволенымі 1260 чалавек, з іх 143 жанчыны. Самая вялікая колькасць палітзняволеных – у СІЗА-1 у Мінску: 172 чалавекі.

Улады адмаўляюць факт наяўнасці ў краіне палітычных зняволеных. Аднак існуюць міжнародна прызнаныя крытэрыі, паводле якіх беларускія праваабаронцы вызначаюць зняволеных па палітычных матывах, і аб’яўляюць пра гэта ў сумесна прынятых заявах.