У калонію ў Мазырскім раёне пераведзены палітзняволены Раман Смолькін

Цімур Казачэнка 28.07.2022

>>

Раману Смолькіну замянілі пакаранне на больш строгае – за тое, што ён спазніўся на лекцыю, спаў пад нарай і адмовіўся ад прыборкі.

Раней ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у г. Віцебску. Перавод ў папраўчую калонію № 20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна адбыўся ў гэтым месяцы.

47-гадовы Раман Анатольевіч Смолькін з г. Салігорска Мінскай вобласці быў асуджаны судом Салігорскага раёна 30 чэрвеня 2021 года. Яго пакаралі паводле артыкула 360 Крымінальнага кодэкса – “Абраза прадстаўніка ўлады”. Прычынай стаў каментарый, напісаны ім 4 студзеня 2021 г. у сацыяльнай сетцы “У Кантакце”. У каментарыі быў абражаны намеснік начальніка Салігорскага РАУС Салавей Сяргей Іванавіч, вядомы сваёй дзейнасцю супраць пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Суддзя Блоцкі Юрый Міхайлавіч прыгаварыў Рамана да 2-х год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ).

Пакаранне ў ПУАТ грамадзянін адбываў з 12 кастрычніка 2021 года. 23 лістапада праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

У пачатку 2022 г. адміністрацыя ПУАТ-9 накіравала ў суд прадстаўленне аб замене пакарання Раману Смолькіну на больш строгае – за “злоснае ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі”. Ухіленнем, паводле арт. 55 Крымінальна-выканаўчага кодэкса РБ, лічыцца, у прыватнасці, парушэнне парадку і ўмоваў адбывання пакарання пасля вынясення афіцыйнага папярэджання. Папярэджанне выносіцца, калі асуджаны мае не меньш трох спагнанняў за парушэнні. А парушэннямі Раману залічылі тое, што ён спазніўся на лекцыю, спаў пад нарай і адмовіўся ад прыборкі.

Паводле арт. 55 Крымінальнага кодэкса, у выпадку “злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі” суд “можа замяніць абмежаванне волі пазбаўленнем волі з разліку 1 дзень пазбаўлення волі за 2 дні абмежавання волі”.

14 лютага суд замяніў пакаранне палітвязню на 9 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У канцы траўня ён быў пераведзены ў СІЗА № 2 ў Віцебску, а ў ліпені – ў калонію № 20.

Акрамя Смольскага, у калоніі № 20 знаходзяцца яшчэ трое палітзняволеных: Ігар Аліневіч і Аляксей Драб з Мінску і Міхаіл Лінтоўскі з Мёрскага раёну Віцебскай вобласці.