У калоніі ў Мазырскім раёне ёсць чатыры палітзняволеныя. Хто яны?

Цімур Казачэнка 05.08.2022

>

У папраўчай калоніі № 20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна адбываюць пакаранні 4 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Гэта – Ігар Аліневіч, Аляксей Драб, Міхаіл Лінтоўскі і Раман Смолькін.

Ігар Аліневіч

39-гадовы актывіст анархісцкага руху Ігар  Аліневіч з трыма таварышамі былі затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ўноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яны былі змешчаны ў СІЗА-1 у Мінску. Іх абвінавацілі у падпале службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у Гомельскай вобласці па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: частка 2 артыкула 289 – “Акт тэрарызму”, частка 2 і частка 4 артыкула 295 – “Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, баепрыпасаў і выбуховых рэчываў”, і частка 1 артыкула 333-1 – “Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу альбо Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь моцнадзеючых, ядавітых, атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, баепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прыладаў, зброі масавага паражэння альбо сродкаў яго дастаўкі, а таксама іншых відаў узброення і ваеннай тэхнікі”.

22 снежня 2021 г. Мінскі абласны суд прыгаварыў Аліневіча да 20 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іншыя трое грамадзян, якія былі затрыманы разам з ім і праходзілі па той жа крымінальнай справе, таксама прыгавораны да пазбаўлення волі на тэрміны ад 18 да 20 год. Справу вёў суддзя Тулейка Вячаслаў, дзяржаўным абвінаваўцам выступаў Кабушаў Ігар. Сам Аліневіч і яшчэ двое абвінавачаных адмовіліся ўдзельнічаць у судовым працэсе.

У гэты ж дзень праваабаронцы прызналі ўсіх асуджаных па гэтай справе палітычнымі зняволенымі, паколькі судовая справа разглядалася ў закрытым пасяджэнні пры адсутнасці прадугледжаных для гэтага законных падстаў, дзеянні абвінавачаных былі кваліфікаваныя залішне цяжкім складам злачынства – “Акт тэрарызму”, і прызначанае ім пакаранне з’яўляецца, на меркаванне праваабаронцаў, празмерным і не адпаведным цяжкасці здзейсненага правапарушэння.

У сярэдзіне лютага 2022 г. Аліневіча перавялі ў СІЗА-3 ў Гомелі, у сярэдзіне траўня – у калонію № 4 у Міхалкаўскім сельсавеце. Адразу пасля каранціна яго змясцілі ў штрафны ізалятар на 30 сутак, а затым – у памяшканне камернага тыпу.

Аляксей Драб

36-гадовы Аляксей Драб з Мінску быў затрыманы 20 кастрычніка 2020 г. Яго абвінавацілі ў тым, што 11 кастрычніка 2020 г. падчас разгону “Маршу гонару” ён і яшчэ трое грамадзян перашкодзілі людзям з АМАПу затрымліваць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Прыгавор Драбу быў вынесены 2 красавіка 2021 г. судом Фрунзенскага раёна г. Мінска. Справу разглядала суддзя Блізнюк Юлія, дзяржаўная абвінаваўца – Таратынка Валерыя. Паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса (“Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”) Драб прыгавораны да 5 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Сваю віну ён прызнаў часткова. Да розных тэрмінаў зняволення прыгавораны і іншыя трое абвінавачаных па гэтай справе. У якасці пацярпелых па справе праходзілі 7 амапаўцаў, якім кожны асуджаны павінен выплаціць па 3 тыс. руб. кампенсацыі маральнай шкоды.

7 красавіка 2021 г. праваабаронцы прызналі асуджаных па гэтай справе палітычнымі зняволенымі, зыходзячы з таго, што акцыя “Марш гонару” адпачатку мела мірны характар, але падверглася жорсткім дзеянням з боку міліцыі, а прысуд відавочна непрапарцыйны правапарушэнню.

Міхаіл Лінтоўскі, Раман Смолькін

34-гадовы Міхаіл  Лінтоўскі – былы вартаўнік-жывёлавод  з Мёрскага раёну Віцебскай вобласці. Ён асуджаны 27 жніўня 2021 г. судом гэтага раёну паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэкса – “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Прычынай стала тое, што грамадзянін зняў відэа, у якім распавёў анекдот пра  Лукашэнку, і размясціў гэта ў сацсетцы “Аднакласнікі”. Суддзя Яскевіч Ірына  прыгаварыла Лінтоўскага да 1,5 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, пад варту яго ўзялі ў залі суда. Дзяржаўнай абвінаваўцай выступала намесніца пракурора Мёрскага раёну Раманоўская Святлана.

3 верасня 2021 г. праваабаронцы прызналі М. Лінтоўскага палітзняволеным. У лютым 2022 г. стала вядома, што яго перавялі ў калонію № 20.

Таксама ў калонію № 20 у ліпені бягучага года быў пераведзены 47-гадовы палітзняволены Раман Смолькін  з г. Салігорска Мінскай вобласці.

Усім ім можна дасылаць паштоўкі і лісты на адрас: папраўчая калонія № 20, Міхалкаўскі с/с, 70, Мазырскі р-н, Гомельская вобл., 247755.

 

На здымку: Ігар Аліневіч.