У СІЗА-3 ў Гомелі знаходзяцца палітзняволеныя з 13 гарадоў і раёнаў Гомельскай вобласці

Цімур Казачэнка 02.08.2022

>

У следчым ізалятары № 3 ў Гомелі на сённяшні дзень знаходзяцца 93 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі, у тым ліку 12 жанчын. Гэта людзі з 13 гарадоў і раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама з Мінска і Гродна.

76 палітзняволеных у СІЗА-3 – з Гомельскай вобласці, у тым ліку сем жанчын.

Найбольшая колькасць з іх – з Гомеля: 32 чалавекі. 11 палітзняволеных – з Мазыра (у тым ліку 3 жанчыны), 8 – са Жлобіна (у т. л. 1 жанчына), па 4 – з Рэчыцы і Светлагорска, 3 – з Добруша, 3 – з Гомельскага раёна, 3 – з Рагачоўскага раёна (у т. л. 1 жанчына), 2 – з Калінкавічаў, 2 – з Петрыкава, 2 – з Чачэрска (у т. л. 1 жанчына), 1 – з Веткі, 1 – з Хойнікаў (жанчына).

У СІЗА-3 таксама знаходзяцца 8 палітзняволеных з Мінска (у тым ліку 5 жанчын) і 6 – з Гродна. Месцы жыхарства яшчэ трох чалавек праваабаронцы ўдакладняюць.

Агульная колькасць палітзняволеных у Гомельскай вобласці на сённяшні дзень складае 174 чалавекі. У краіне іх 1255. Найбольшая колькасць палітзняволеных знаходзіцца у мінскім СІЗА-1 (169 чалавек). Гомельскае СІЗА-3 займае ў гэтай сумнай статыстыцы другое месца.

СІЗА існуюць ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Гродна і Магілёва, а таксама ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) і Бабруйску (Магілёўская вобл.). Акрамя таго, у г. Жодзіна Мінскай вобласці існуе следчая турма.

Выпадкі ўтрымання альбо адбыцця пакарання ў СІЗА вызначаны ў Законе РБ “Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай” і Крымінальна-выканаўчым кодэксе РБ.

У СІЗА ўтрымліваюцца падазраваныя і абвінавачаныя, у адносінах да якіх у якасці меры стрымання ўжыта заключэнне пад варту (на практыцы ў асноўным жыхары дадзенай вобласці); а таксама: асуджаныя, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную моц; асуджаныя, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па іншых крымінальных справах, у адносінах да якіх у якасці меры стрымання ўжыта заключэнне пад варту; іншыя асобы ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі РБ.

Акрамя таго, у СІЗА адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі асуджаныя: пакінутыя ў СІЗА для выканання гаспадарчых работ (з іх згоды); пакінутыя ў СІЗА для выканання следчых дзеянняў па справе аб злачынстве, здзейсненым іншай асобай; пакінутыя ў СІЗА для удзелу ў судовым разбіральніцтве па справе аб злачынстве, здзейсненым іншай асобай; тыя, хто падлягае накіраванню для адбыцця пакарання ў выпраўленыя ўстановы.

На здымку: СІЗА-3 ў Гомелі.