Палітычным зняволеным прызнаны жыхар Хойнік

Цімур Казачэнка 13.12.2023

>

Палітычным зняволеным прызнаны 56-гадовы жыхар г. Хойнікі Алег Казлоў. Аб гэтым гаворыцца ў чарговай заяве аб прызнанні новых палітзняволеных, якую прынялі праваабаронцы.

У сваіх «Ютуб»-каналах Алег Казлоў, былы майстар-электрамантажнік, дзяліўся меркаваннямі па грамадска-палітычных пытаннях, а пасля ўварвання расійскіх войск ва Украіну ў мінулым годзе размясціў некалькі відэа з рухам расійскай ваеннай тэхнікі.

Яго абвінавацілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: частка 1 артыкула 130 – «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы», арт. 188 – «Паклёп», ч.1 і 2 арт. 361-1 – «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім», ч. 2 арт. 367 – «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», ч. 1 арт. 368 – «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 369 – «Абраза прадстаўніка ўлады».

Працэс супраць жыхара Хойнік вёўся ў Гомельскім абласным судзе з 9 чэрвеня. Разглядаў справу суддзя Доля Мікалай у закрытых пасяджэннях – такім чынам, на судзе не маглі прысутнічаць ні сваякі падсуднага, ні іншыя наведвальнікі. 17 жніўня быў вынесены прыгавор: пазбаўленне волі (тэрмін высвятляецца) у калоніі агульнага рэжыму. 24 лістапада МУС унёс грамадзяніна ў пералік асобаў, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Напісаць паштоўку альбо ліст палітзняволенаму можна на адрас: Казлову Алегу Віктаравічу, СІЗА № 3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003.

Заяву аб прызнанні 22 новых палітзняволеных праваабаронцы прынялі 8 снежня, з Гомельскай вобласці ў ёй 5 чалавек, сярод якіх – Алег Казлоў, а таксама, як ужо паведамлялася, 40-гадовая Сняжана Цадава з Лоеўскага раёна.

Нагадаем, што раней палітзняволенай была прызнана жыхарка Хойнік Ірына Абдукерына. Агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі на цяперашні час – 1474.