У траўні – дні народзінаў у двух палітзняволеных з Мазыра і Хойнікаў
Цімур Казачэнка
02.05.2023
>
У
траўні сустрэнуць свае дні народзінаў двое палітычных зняволеных з Мазыра і
Хойнікаў, якія знаходзяцца за кратамі ў Гомелі – Юрый Сельвіч і Ірына
Абдукерына. Іх можна павіншаваць паштоўкай, лістом альбо тэлеграмай.
Юрый
Сельвіч, якому 19 траўня споўніцца 46 гадоў, і яго
сябра Сяргей Пляшкун былі затрыманы
28 лютага 2022 года. Іх змясцілі ў СІЗА № 3 ў Гомелі. На меркаванне следства,
яны збіраліся знішчаць расійскую вайсковую тэхніку, якая перамяшчалася праз
Мазырскі раён (нагадаем, што пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 г.
расійскія войскі дзейнічалі і з тэрыторыі Беларусі са згоды беларускіх уладаў).
Працэс над жыхарамі Мазыра адбываўся ў
Гомельскім абласным судзе з 6 снежня 2022 года. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме; сярод абвінавачанняў – «падрыхтоўка да акту
тэрарызму». На меркаванне праваабаронцаў, закрыты суд па
палітычна матываванай справе не можа быць справядлівым.
8 лютага 2023 г. Юрый Сельвіч быў прыгавораны
да 14 гадоў, Сяргей Пляшкун – да 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі
ўзмоцненага рэжыму. Напісаць ім зараз можна на адрас: СІЗА № 3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003.
27
траўня – дзень нараджэння ў Ірыны Абдукерынай, былой настаўніцы
англійскай мовы ў Хойніках. Яна была затрымана 5 красавіка 2022 г. на сваім
лецішчы за тое, што нібыта запісала на тэлефон відэа з расійскай вайсковай
тэхнікай і пераслала відэазапіс у «Тэлеграм»-канал «Беларускі гаюн», які
паведамляе пра перамяшчэнне расійскіх войск па Беларусі і які беларускія ўлады
лічаць «экстрэмісцкім». Жыхарку Хойнік змясцілі ў СІЗА № 3 ў Гомелі і
абвінавацілі таксама ў «распальванні варожасці», «фінансаванні экстрэмісцкай
дзейнасці» і «дыскрэдытацыі Беларусі». 15 красавіка 2022 г. праваабаронцы
прызналі яе палітзняволенай.
6 снежня 2022 года ў Гомельскім аблсудзе Ірына
Абдукерына была прыгаворана да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі
агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічыняў (3200 руб.). 24 лютага 2023
г. МУС уключыў яе ў «спіс экстрэмістаў». У пачатку сакавіка
стала вядома, што палітзняволеную перавялі з СІЗА ў жаночую калонію.
Напісаць ёй можна на адрас: папраўчая калонія № 4, вул. Антошкіна, 3, г.
Гомель, 246035.
Адзначым, што ў СІЗА № 3 ў Гомелі зараз
налічваецца 49 палітзняволеных, у калоніі № 4 – 89. Агульная колькасць
палітычных зняволеных у Беларусі на сённяшні дзень – 1499.
На
здымку: Ірына Абдукерына.