Жыхарку Хойнікаў асудзілі за перадачу ў тэлеграм-каналы фота расійскай тэхнікі

Жорж Кунцэвіч 06.12.2022

>

Справа Ірыны Абдукерынай разглядалася Гомельскім абласным судом з 28 лістапада па 6 снежня ў закрытым судовым пасяджэнні. Судовы працэс вёў суддзя Руслан Царук.

Палітзняволеная Ірына Абдукерына  — былая настаўніца англійскай мовы з Хойнікаў, якую затрымалі раніцай 5 красавіка 2022 г. на лецішчы. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што Абдукерына запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн". Пра гэта гаворыцца ў "пакаяльным відэа" з ёй.

Прычым у гэтым жа відэа было пазначана, што Ірыну звольнілі з навучальнай установы ў 2020 годзе, хоць яна сышла адтуль паводле свайго жадання яшчэ ў 2016 годзе.

Жанчыне прад'явілі абвінавачванне паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці і варажнечы), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі).

На пачатку кастрычніка 2022 г. Ірыну перавялі з СІЗА-3 у ІЧУ ў Хойніках.

Суд прызнаў Абдукерыну вінаватай і пакараў яе пазбаўленнем волі  ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на чатыры гады. Таксама асуджанай прызначаны штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).