На Палессі прыбавілася “экстрэмістаў”

Жорж Кунцэвіч 25.02.2023

>>

24 лютага МУС Беларусі чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя іншых, у спіс дадалі палітзняволеную з Хойнік Ірыну Абдукерыну, жыхара Рэчыцы Дзяніса Пырха і мазыранку Вольгу Шэўчык.

Ірына Абдукерына — былая настаўніца з Хойнікаў, якую затрымалі раніцай 5 красавіка 2022 г. на лецішчы. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што Абдукерына запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн". Пра гэта гаворыцца ў "пакаяльным відэа" з ёй.

Жанчыне прад'явілі абвінавачванне паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці і варажнечы), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі).

6 снежня суддзя Руслан Царук прызнаў Ірыну вінаватай і пакараў пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на чатыры гады. Таксама ёй прызначаны штраф у памеры 100 базавых велічынь.

 25-гадовы жыхар Рэчыцы Дзяніс Пырх у жніўні, кастрычніку і лістападзе 2020 г. адмоўна выказваўся у сацсетцы «У Кантакце» пра Лукашэнку.

У верасні 2021 г. Дзяніс Пырх у той жа сацсетцы напісаў адмоўныя каментарыі пра намесніка дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі РБ і начальніка ўпраўлення Следчага камітэта РБ па г. Мінску. Таксама негатыўна выказаўся пра супрацоўнікаў КДБ пасля гібелі ў перастрэлцы жыхара Мінска і супрацоўніка КДБ 28 верасня 2021 г.

За гэта ён прызнаны вінаватым «у публічнай абразе прэзідэнта, абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненым у інтэрнэце, а таксама ў распаўсюджванні заведама ілжывых звестак аб прававым становішчы грамадзян у Беларусі і дзейнасці дзяржаўных органаў, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь».

Суддзя Рэчыцкага суда Марына Кацуба 28 лістапада вынесла прысуд: паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: частка 1 артыкула 368 «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкулы 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».  Жыхар Рэчыцы прыгавораны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу 4800 руб.

Вольга Шэўчык з Мазыра была затрымана 6 сакавіка 2022 года за шэраг каментароў, пакінутых ёй у інтэрнэце, і за ўдзел у пратэстах.

Жанчына мае дваіх непаўнагадовых дзяцей.

Вядома, што яе вінавацяць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 389 КК (Пагроза ў дачыненні да суддзі), арт. 391 КК (Абраза суддзі).

Разгляд справы Вольгі пачаўся 24 лістапада 2022 г. у Гомельскім абласным судзе. Пасяджэнні адбываліся ў закрытым рэжыме. Вядома, што суддзя Мікалай Доля прызначыў жанчыне зняволенне, тэрмін якога высвятляюць праваабаронцы.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 45 чалавек — цяпер у ім 2487 чалавек.

На фота: Ірына Абдукерына.