У Рэчыцы, Ельску і Мазыры працягваюцца палітычна матываваныя суды

Цімур Казачэнка 29.11.2022

>>

На бягучым тыдні ў Рэчыцы, Ельску і Мазыры зноў вядуцца судовыя працэсы, звязаныя з палітычнай абстаноўкай у краіне.

У судзе Рэчыцкага раёна 28 лістапада ў 10 гадзін пачалося пасяджэнне па справе, у якой абвінавачаны – Дзяніс Пырх. Яго судзяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: частка 1 артыкула 368 – «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», 369 – «Абраза прадстаўніка ўлады» і 369-1 – «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Справу вядзе суддзя Марына Кацуба.

У Ельску 29 лістапада ў 10 гадзін працягнецца судовы працэс, на якім падсуднай з’яўляецца Наталля Суханіцкая. Яна абвінавачана паводле часткі 1 арт. 368 КК. Судзіць грамадзянку старшыня суда Ельскага раёна Яўгеній Карнеявец у закрытым рэжыме – гэта значыць, на працэс у зал суда не дапускаюцца сваякі падсуднай і іншыя наведвальнікі.

У Мазыры 1 снежня ў 10 гадзін 30 хвілін таксама ў закрытым рэжыме працягнецца суд па справе палітычнага зняволенага Яўгена Віславуха. Суддзя па яго справе – Галіна Кніжонак.