У Ельску 22 лістапада судзяць грамадзянку за абразу Лукашэнкі

Цімур Казачэнка 22.11.2022

>>>

22 лістапада ў судзе Ельскага раёна разглядаецца крымінальная справа па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса – «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Судовае пасяджэнне пачнецца ў 15 гадзін. Абвінавачанай па справе з’яўляецца Наталья Суханіцкая. Справу вядзе суддзя Яўгеній Карнеявец – старшыня суда.

Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме – гэта значыць, на ім не змогуць прысутнічаць сваякі падсуднай і іншыя наведвальнікі.

Як правіла, прычынай для падобных крымінальных спраў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. з’яўляюцца выказванні, напісаныя ў інтэрнеце. У цяперашні час у месцах зняволення ў Беларусі па артыкуле 368 КК знаходзяцца 232 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. А агульная колькасць палітзняволеных у краіне – 1451.

Нагадаем, што напрыканцы мінулага месяца ў Ельску быў затрыманы, але затым адпушчаны дырэктар мясцовага камунгаса. 

На гэтым тыдні ў Гомельскай вобласці яшчэ 7 палітычна матываваных працэсаў праходзяць у Гомельскім абласным судзе, 1 працэс – у судзе Жлобінскага раёна і 1 – у судзе Навабеліцкага раёна Гомеля. Падобная колькасць судовых працэсаў, звязаных з палітычнай абстаноўкай, адбываецца ў апошні час штотыдзень.

На здымку: суд Ельскага раёну.