На наступным тыдні ў судах Гомельскай вобласці – 6 палітычна матываваных працэсаў
Цмур Казачэнка
07.10.2022
Суды пройдуць у 4 гарадах.
Абвінавачваюцца 6 грамадзян – у «абразе прэзідэнта», «пагрозе прымянення гвалту
ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў», «абразе прадстаўніка ўлады»
і таму падобным.
Два судовыя працэсы
адбудуцца ў судзе Рэчыцкага раёна. 11
кастрычніка Ігар Каржоў будзе абвінавачвацца
паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса – «Абраза Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь», а 13 кастрычніка –
Андрэй Бубенюк паводле артыкула 364
«Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў адносінах супрацоўніка органаў
унутраных спраў» і той жа самай часткі 1 арт. 368. Абодва пасяджэнні пачнуцца ў
10 гадзін 30 хвілін, вядзе справы суддзя Бобыраў
Вадзім.
У судзе Мазырскага раёна 13 кастрычніка разгледзяць справу
паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса – «Абраза прадстаўніка ўлады». Абвінавачаны
– палітзняволены Яўген Віславух. Судовае пасяджэнне пачнецца з 10 гадзін і будзе
закрытым, гэта значыць, на ім не змогуць прысутнічаць наведвальнікі –
напрыклад, сваякі падсуднага альбо журналісты. Разглядае справу суддзя Кніжонак Галіна.
Яшчэ 2 палітычна
матываваныя судовыя працэсы адбудуцца ў Гомелі і 1 – у Жлобіне.
На здымке: Яўген Віславух.