Пад новыя санкцыі Еўрасаюза патрапіла арганізатарка палітычных рэпрэсіяў у Мазыры

Цімур Казачэнка 06.08.2023

>

3 жніўня Еўрапейскі Саюз увёў новыя абмежавальныя меры ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. У спіс уключана жыхарка Мазыра Галіна Кніжонак, якую Лукашэнка прызначыў на пасаду суддзі і якая “нясе адказнасць за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і за сур'ёзны падрыў вяршэнства закона, а таксама за рэпрэсіі”.

Агулам у спісе 38 фізічных асоб і 3 юрыдычныя. Санкцыі ўведзены адносна трох фізічных і адной юрыдычнай асобы ў Гомельскай вобласці. Сярод іх – прызначаная Лукашэнкам на пасаду суддзі суда Мазырскага раёна Кніжонак Галіна Сяргееўна. У рашэнні ЕС адзначаецца:

На пасадзе суддзі суда Мазырскага раёна Галіна Кніжонак нясе адказнасць за шматлікія палітычна матываваныя прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый, у прыватнасці, прысуды Глебу Койпішу, Уладзіславу Ганчарову, Аляксандру Цімашэнку і Данілу Скіпальскаму. Яна прысуджала людзей да пазбаўлення волі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Такім чынам, яна нясе адказнасць за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і за сур'ёзны падрыў вяршэнства закона, а таксама за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі”.

У Гомельскай вобласці пад абмежавальныя меры патрапілі таксама прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі Гомельскага абласнога суда Харошка Алег Уладзіміравіч і начальніца папраўчай калоніі № 4 ў Гомелі Паходава Святлана Паўлаўна. Алег Харошка вёў, у прыватнасці, працэс, на якім былі асуджаны палітычныя зняволеныя з Мазыра Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч.

Пад санкцыі ў Гомельскай вобласці патрапіла таксама адна юрыдычная асоба – ААТ «БМЗ – упраўляючая кампанія холдынга «БМК» (Жлобін).

Дакумент апублікаваны на афіцыйным сайце ЕС.