Два гады калоніі за абразу прэзідэнта і здзек з дзяржаўнай сімволікі

Жорж Кунцэвіч 29.06.2022

>

Суд Мазырскага раёна 28 чэрвеня ў закрытым рэжыме разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жыхара райцэнтра Уладзіслава Ганчарова адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Па версіі следства нібыта ён абразіў прэзідэнта Беларусі ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), прадстаўнікоў улады (арт. 369), а яшчэ зняважыў дзяржаўныя сімвалалы, верагодна – сцяг (арт. 370).

Справу разглядала суддзя Галіна Кніжонак-Максімава.

Паводле матэрыялаў справы, мужчына размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках выяву з публікацыямі, якія змяшчаюць абразу ў адрас Прэзідэнта Беларусі. Акрамя таго, апублікаваў малюнак, на якім дзяржаўны герб нашай краіны намаляваны на фоне свастыкі. Затым падрыхтаваў і апублікаваў пад фатаграфіяй і звесткамі намесніка начальніка 4 аддзела трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь каментар, які супярэчыць агульначалавечай маралі.

Суд прызнаў мазырчука вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта, абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, учыненым у Інтэрнэце, і ў здзеку над дзяржаўным гербам.

Суд прызначыў Ганчарову пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1600 рублёў).