Абвешчаны перапынак у судзе над мазырскімі “партызанамі”

Жорж Кунцэвіч 18.01.2023

>

Гомельскі абласны суд больш месяца разглядае ў закрытым рэжыме крымінальную справу ў дачыненні да “рэйкавых партызан” з Мазыра – 34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча. Суд пачаўся яшчэ 6 снежня.

Судовы працэс вядзе суддзя Алег Харошка.

Палітвязні Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч пазнаёміліся адзін з адным у 2020 годзе падчас паслявыбарчых пратэстаў. Пра іх затрыманне стала вядома 10 сакавіка 2022 года. Як лічыць следства, падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе яны выходзілі на дарогу з б-ч-б-сцягам і блакавалі транспарт на цэнтральных вуліцах Мінска.

Канчатковае абвінавачанне мазыранам выстаўленае па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 2 арт.295-3 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў;
  • ч. 2 арт. 289 – акт тэрарызму;
  • ч.1 арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • ч. 4 арт. 309 – наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
  • арт. 341 – апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці;
  • ч.1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • ч.1 арт. 361 – садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд са жніўня 2020 года па люты 2022 года Пляшкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу "кактэйляў Молатава" і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх наступнага выкарыстання пры здзяйсненні акту тэрарызму, нападзе на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Акрамя гэтага, Пляшкун нібыта сам вырабіў «кактэйлі Молатава» і сумесна з Сельвічам падрыхтаваліся да наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць транспартных сродкаў і шляхоў зносін, што магло пацягнуць смерць чалавека, крушэнне або аварыю.

У працяг сваіх дзеянняў Пляшкун, як сцвярджае следства, выкарыстоўваючы Тelegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем, размясціў відэафайл з каментарамі пра дату і час перамяшчэння ваеннай тэхнікі, ваенізаваных падраздзяленняў і вайскоўцаў з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Пасля чаго пад'ехаў да аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна і дарожнага знака, дзе нанёс фарбай на плот і знак цынічныя малюнкі і надпісы, у якіх даў негатыўную ацэнку жыхарам замежнай дзяржавы, паведамляе Генеральная пракуратура.

На чарговым судовым пасяджэнні 17 студзеня суддзя абвясціў перапынак да 8 лютага. Прычына такога рашэння невядомая, паколькі суд праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляе "Вясна".