Мазырскі суд узмацніў пакаранне палітвязню Глебу Койпішу
Жорж Кунцэвіч
22.05.2023
>
У судзе Мазырскага раёна 5 траўня адбыўся суд па замене
абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу дырэктару
студыі вэб-дызайну "Іквадарт" Глебу
Койпішу. Справу разглядаў старшыня суда Анатоль Стрэльчанка. Пасля
працэсу сувязь з палітвязнем знікла.
Праваабаронцам “Вясны” стала вядома, што Глебу ўзмацнілі
пакаранне, а яго перавялі ў следчы ізалятар.
Нагадаем, пасля збіцця сілавікамі 10 жніўня 2020 года
трапіў у траўмапункт. Глеб быў затрыманы 25 жніўня 2021 ў Гродне. Дома ў яго, а
таксама ў студыі былі праведзены ператрусы. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў
дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага
кодэкса). 9 снежня 2021 года быў вынесены прысуд Глебу: два
гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго
адпусцілі з-пад варты да часу накіравання на адбыццё пакарання. 14 сакавіка
2022 Глеб пачаў адбываць пакаранне ў мазырскай ПУАТ № 21.
МУС 28 кастрычніка 2022 г. уключыў палітзняволенага ў
"Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".