У калонію каля Мазыра пераведзены палітзняволены Сяргей Ярашэвіч
Цімур Казачэнка
06.04.2023
>
У калонію № 20 ў Мазырскім
раёне пераведзены палітычны зняволены Сяргей Ярашэвіч, які раней знаходзіўся ў
калоніі № 11 у Ваўкавыску Гродзенскай вобласці.
Сяргей Ярашэвіч раней працаваў кіроўцам. Ён быў адным з адміністратараў тэлеграм-канала
«Армія з народам». Яго затрымалі 2 кастрычніка 2020 года, абвінавацілі паводле
частак 2 і 3 артыкула 283 Крымінальнага кодэкса – «Масавыя беспарадкі», і
змясцілі ў СІЗА № 1 у Менску.
3 снежня 2020 г. праваабаронцы прызналі Сяргея Ярашэвіча палітычным
зняволеным.
У судзе сваю віну абвінавачваны не прызнаў. 7 траўня 2021 года так званы Менскі
абласны суд вынес прысуд Сяргею Ярашэвічу і яшчэ чатыром абвінавачаным у гэтай
справе, у тым ліку Антаніне Канавалавай
– жонцы Сяргея, якая падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. была даверанай асобай
кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава былі асуджаныя да 5,5 гадоў пазбаўлення
волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, астатнія – ад 4,5 да 6 гадоў пазбаўлення
волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Справу разглядаў Сяргей Епіхаў, якога
Лукашэнка сваім указам прызначыў на пасаду суддзі.
Для адбыцця пакарання Сяргей Ярашэвіч быў этапаваны ў калонію № 11 у
Ваўкавыску. Ягоная жонка, Антаніна Канавалава, знаходзіцца ў жаночай калоніі №
4 ў Гомелі. На волі ў іх засталіся двое дзяцей ва ўзросце 5 і 7 гадоў, з якімі
маці Антаніны вымушана была схавацца за мяжой.
У жніўні 2022 г. адміністрацыя калоніі ў Ваўкавыску змяшчала Сяргея
Ярашэвіча ў штрафны ізалятар і затым у памяшканне камернага тыпу.
26 студзеня 2023 г. так званы суд Ваўкавыскага раёна прызначыў Ярашэвічу
яшчэ 9 месяцаў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 111 Крымінальнага кодэкса – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай
установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі». Прысуд
вынес прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі Мікалай Сяргейка.
Пасля гэтага палітзняволены быў этапаваны ў калонію № 20. Акрамя Сяргея
Ярашэвіча, у гэтай калоніі зараз адбываюць пакаранні яшчэ трое палітзняволеных:
Аляксей Драб, Ціхан Осіпаў і Сяргей Старавойтаў. Ім
усім можна пісаць на адрас:
Драб Аляксей Юр’евіч,
Осіпаў Ціхан Сяргеевіч, Старавойтаў Сяргей Сяргеевіч, Ярашэвіч Сяргей
Міхайлавіч – папраўчая калонія № 20, Міхалкаўскі сельсавет, 70, Мазырскі р-н,
Гомельская вобл., 247755.
Раней у калоніі № 20 знаходзіліся палітзняволеныя Ігар Аліневіч
– ён 11 жніўня 2022 г. быў этапаваны ў турму № 1 у Гродна, Міхаіл Лінтоўскі
(тэрмін зняволення скончыўся ў жніўні 2022 г.) і Раман Смолькін (выйшаў
на волю 26 студзеня 2023 г.).