Палітзняволены Ціхан Осіпаў цяпер адбывае пакаранне ў Мазырскім раёне

Цімур Казачэнка 30.11.2022

>

У мінулым месяцы ў калонію № 20 у Мазырскім раёне пераведзены палітычны зняволены Ціхан Осіпаў з Мінску. Родам ён з Калінкавічаў. 

26-гадовы Ціхан Осіпаў працаваў інжынерам у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце ў Мінску. Ён быў абвінавачаны ў тым, што ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 г., пасля прэзідэнцкіх выбараў, прыехаў на асабістым аўтамабілі ў цэнтр Мінска для ўдзелу ў «масавых беспарадках» (акцыя пратэсту, якая адбывалася з-за недаверу да абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў), а затым, крануўшыся з месца, наехаў на 5 вайскоўцаў вайсковай часткі 5524 Унутраных войск і з’ехаў, пасля чаго паведаміў у міліцыю пра нібыта ўгон аўтамабіля.

Крымінальная справа супраць грамадзяніна вялася паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: частка 2 артыкула 293 «Масавыя беспарадкі», ч. 1 арт. 400 «Заведама ілжывы данос», а таксама ч. 1 арт. 14 «Замах на злачынства» і арт. 362 «Забойства супрацоўніка органаў ўнутраных спраў, ваеннаслужачага» (апошнія два артыкулы разам ужываюцца для фармулёўкі «замах на забойства»).

У судзе ён патлумачыў, што ў яго не было ніякага намеру на забойства. Ён, убачыўшы, як разбіваюць шкло ў аўтамабілях і выцягваюць адтуль кіроўцаў, спалохаўся, таму з'ехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў. Па словах грамадзяніна, у яго аўтамабілі разбілі задняе правае шкло, а супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля; тады ён прыгнуўся і не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б'юць дубінкамі.

Пацярпелыя ваеннаслужачыя кантрактнай службы Астапенка, Васільчанка, Воліс, Ляпёшкін і Протас заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды ў агульным памеры 1300 руб., якія ім былі выплачаны да суда. На судзе яны прэтэнзій да абвінавачанага не мелі, а Ляпёшкін і Протас заявілі, што, на іх меркаванне, абвінавачаны дзейнічаў ненаўмысна і намеру на забойства ў яго не было.

Аднак пракурор Антон Цюменцаў у ходзе суда двойчы запрасіў для падсуднага пакаранне ў 12 гадоў пазбаўлення волі. Адвакат Людміла Чэчыкава заявіла, што абвінавачаны злачынства не здзяйсняў. Сам Ціхан Осіпаў прызнаў віну толькі паводле артыкула 400.  

19 траўня 2021 г. судовая калегія Мінскага гарадскога суда (старшыня – суддзя Пётр Арлоў) прыгаварыла грамадзяніна да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З іх 10 гадоў былі прызначаны менавіта за наезд на вайскоўцаў, які суд палічыў «замахам на забойства».

2 чэрвеня 2021 г. праваабаронцы прызналі Ціхана Осіпава палітычным зняволеным. Ён адбываў пакаранне ў калоніі № 15 (аг. Вейна Магілёўскага раёна). У сярэдзіне снежня 2021 г. стала вядома, што там яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу да 14 красавіка 2022 г.

Аднак затым супраць яго завялі справу паводле ч. 2 арт. 411 КК – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». 22 сакавіка 2022 г. суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў палітзняволенага яшчэ да 7 месяцаў пазбаўлення волі і змяніў рэжым з узмоцненага на строгі. Прыгавор вынесла суддзя Наталля Крашкіна. Паседжанне суда было фармальна адкрытым, але праводзілася ў калоніі, таму на ім не маглі прысутнічаць родныя палітзняволенага і іншыя наведвальнікі.

Магілёўскі абласны суд (суддзя - Павел Клімаў) 23 чэрвеня 2022 г. разгледзеў апеляцыйную скаргу Ціхана Осіпава і пакінуў гэты прысуд без змяненняў.

Палітзняволены быў пераведзены ў турму № 4 у Магілёве. У сярэдзіне ліпеня 2022 г. яго перавялі ў калонію № 13 у г. Глыбокае Віцебскай вобласці, у кастрычніку – у калонію № 20 у Мазырскім раёне.

У гэтай калоніі цяпер знаходзяцца 5 палітзняволеных. Даслаць паштоўку альбо ліст Ціхану Сяргеевічу Осіпаву і іншым можна на адрас: папраўчая калонія № 20, Міхалкаўскі сельсавет, 70, Мазырскі раён, Гомельская вобл., 247755.