Два чалавекі, якія адбываюць пакаранні ў Мазырскім раёне, прызнаны палітзняволенымі за мінулы месяц

Цімур Казачэнка 14.11.2022

>>

Пётр Драздоў і Сяргей Старавойтаў – жыхары Мінска, якія адбываюць пакаранні ў Мазырскім раёне – увайшлі у спіс людзей, прызнаных палітычнымі зняволенымі на працягу кастрычніка.

Кандыдат эканамічных навук Пётр  Драздоў быў дацэнтам кафедры лагістыкі Інстытута бізнеса і менеджмента тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго затрымалі 26 снежня 2021 г., абвінавацілі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА.

10 сакавіка 2022 г. суд прыгаварыў яго да 3 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ). Пакаранне ён адбывае з 20 чэрвеня ў Мазыры. 5 кастрычніка беларускія праваабаронцы ў чарговай сумеснай заяве прызналі яго палітычным зняволеным.

У мазырскім ПУАТ https://palesse.press/news.php?slug=5002 зараз адбываюць пакаранні 24 палітзняволеных. Дасылаць паштоўкі і лісты П. Драздову і іншым можна на адрас: ПУАТ № 21, бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, Гомельская вобл., 247783.

Сяргей Старавойтаў быў затрыманы 24 чэрвеня 2022 года і абвінавачаны па тым жа самым артыкуле 342 КК – за ўдзел у пратэстах 10 – 11 жніўня 2020 г., якія адбываліся з-за недаверу да вынікаў галасавання, абвешчаных уладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў яго на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Справу вяла суддзя Алена Бушава.

31 кастрычніка праваабаронцы прызналі Сяргея Старавойтава палітзняволеным. Паштоўкі і лісты яму можна дасылаць на адрас: папраўчая калонія № 20, Міхалкаўскі сельсавет, 70, Мазырскі р-н, Гомельская вобл., 247755. Цяпер у гэтай калоніі знаходзяцца пяць палітзняволеных.

У Мазырскім раёне, такім чынам, зараз адбываюць пакаранні 29 палітзняволеных. У цэлым у месцах зняволення ў Гомельскай вобласці іх налічваецца 188. Агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі на сённяшні дзень – 1425.

На здымку: Пётр Драздоў