Лукашэнка замяніў свайго прадстаўніка на Гомельшчыне
Палеская Вясна
13.07.2020
Ранейшы
ўпаўнаважаны прадстаўнік прэзідэнта па Гомельскай вобласці Юрый Назараў выконваў
гэтыя функцыі ўсяго толькі з красавіка. 7 ліпеня Лукашэнка прызначыў новага
свайго прадстаўніка ў рэгіёне, паведамле
ягоная прэс-служба.
Мікалай СНАПКОЎ, Фота: belta.by
Адгэтуль упаўнаважаным прадстаўніком Лукашэнкі па
Гомельскай вобласці стане новапрызначаны першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. Ён ад канца мінулага
года і па чэрвень гэтага быў адпраўлены Лукашэнкам з пасады намесніка кіраўніка
Адміністрацыі прэзідэнта амбасадарам у Кітай, а падчас перадвыбарчага
фармавання новага ўраду зноў вернуты ў Беларусь.
Былы прадстаўнік Лукашэнкі ў Гомельскай вобласці –
таксама віцэ-прэм’ер Юрый Назараў
запомніўся на Гомельшчыне тым, што падчас свайго кіраўніцтва канцэрнам «Беллеспаперапрам», які курыраваў
будаўніцтва Светлагорскага завода беленай цэлюлозы, схлусіў Лукашэнку,
што каля завода няма «дурнопахнущего». Гэта адбылося падчас цырымоніі афіцыйнага пуску завода ў лютым гэтага
года. А ўжо праз некалькі тыдняў Лукашэнка прызначыў Назарава
віцэ-прэм’ерам, а потым і сваім
прадстаўніком у Гомельскай вобласці.
Мікалай Снапкоў таксама мае дачыненне да Светлагорскага завода
беленай цэлюлозы, які недабудавала кітайская карпарацыя САМСЕ за грошы
выдадзенага Беларусі Кітаем крэдыту. У лістападзе 2019 года, на пасадзе
намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Снапкоў ездзіў у Кітай і спрабаваў
там дамовіцца пра тое, каб кітайцы выканалі свае абавязанні па дабудове
светлагорскага завода альбо «прабачылі» прывязаны да яго крэдыт. Вынікі візіту аказаліся
адмоўнымі, пра што ён паведамляў
Лукашэнку. Кітайцы адмовіліся лічыць
кантракт на пабудову завода скасаваным, як гэта абвесціў беларускі бок, а
наконт крэдыту паабяцалі знайсці «мірнае вырашэнне». Праз месяц
Лукашэнка выправіў Снапкова ў Кітай амабасадарам. Там ён ні пра што так і не
дамовіўся, але сёлета яго зноў вярнулі ў Беларусь ужо ва ўрад.