Віцэ-прэм’ер Назараў будзе прадстаўляць цікавасці Лукашэнкі ў Гомельскай вобласці
Палеская Вясна
14.04.2020
Прэзідэнт выдаў
распараджэнне, якім прызначыў сваіх упаўнаважаных прадстаўнікоў у Брэсцкай і
Гомельскай абласцях, паведамляе
ягоная прэс-служба.
На Гомельшчыне ўпаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка
дзяржавы Лукашэнка прызначыў не так даўно прызначанага віцэ-прэм’ерам Юрыя Назарава.
Юрый Назараў вядомы
тым, што асабіста курыраваў будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю сумна вядомага
Светлагорскага завода беленай цэлюлозы. Пры гэтым, на шматлікія звароты жыхароў
Светлагорска і прылеглай да завода прыгараднай вёскі Якімава Слабада аб
атрутным паху метылмеркаптану ён адказваў дзяжурнымі адпіскамі, што сітуацыя
кантралюецца і ўсё ў норме.
Падчас афіцыйнага пуску завода, які працягвае выкідваць у
паветра смярдзючыя газы, Лукашэнка спытаў у Назарава ці няма «дурнопахнущих»
рэчываў вакол завода. Назараў тады заявіў, што нічога такога няма, «інакш мы б
не падпісалі дакументы на ўвод завода». Ужо праз два тыдні пасля пуску
смярдзючага завода Лукашэнка прызначыў
Назарава, які да таго ўзначальваў канцэрн «Беллеспаперапрам», на пасаду
віцэ-прэм’ера.