«Гэта плявок у твар жыхарам Светлагорска». Жыхары горада адрэагавалі на прызначэнне Назарава віцэ-прэм’ерам

Палеская Вясна 05.03.2020

У Светлагорску многія жыхары звязалі новае прызначэнне галоўнага куратара будаўніцтва завода беленай цэлюлозы з тым, што ён, нягледзячы на вялікую колькасць праблемаў, галоўная з якіх – экалагічная, так і не вырашаная, здолеў забяспечыць увод завода, хай і са спазненнем на некалькі гадоў.


У дзень прызначэння Юрыя Назарава на пасаду віцэ-прэм’ера, які будзе курыраваць нафта-хімічны комплекс краіны, Светлагорск накрывала смярдзючае воблака – пра хімічныя пахі ў розных частках горада светлагорцы пісалі ў сацыяльных сетках. Асабліва адчувальным пах зрабіўся ў бязветраны вечар – пары аселі паміж саснякоў, сярод якіх збудаваныя гарадскія мікрараёны. Людзі тэлефанавалі ў дыспетчарскую завода і на нумар МНС.

«Хацелася верыць, што ўсё будзе лепей. Але атрымліваецца ўсё толькі горш», «Завод увялі – час ісці па павышэнне», – пішуць у сацыяльнай сетцы Аднакласнікі ў суполцы, прысвечанай абароне ад забруджванняў паветра ў Светлагорску, жыхары горада.


Алена МАСЛЮКОВА

Каардынатарка ініцыятыўнай групы за чыстае паветра ў Светлагорску, кіраўніца светлагорскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова распавяла пра тое, як у горадзе ставяцца да навіны аб прызначэнні былога кіраўніка «Беллеспаперапраму» віцэ-прэм’ерам:

«Назараў паступіў нечыстаплотна, сказаўшы, што ўсё ў нас добра. Ён зрабіў тое, чаго ад яго чакаў Лукашэнка. І гэтае прызначэнне паказвае, наколькі важным стаў факт афіцыйнага пуску завода. Цяпер у нас у Светлагорску ўсе гадаюць, на які ўзровень узнімуць цяперашняга гендырэктара Светлагорскага ЦКК Юрыя Крука. Жыхары горада былі абураныя, калі пачулі словы пра тое, што, калі Лукашэнка даведаўся пра атрутныя выкіды ў Светлагорску, ён зладзіў “жэстачайшыя разборкі” з гэтай нагоды. Прынамсі, пра іх ніхто не чуў і ўсе, хто вінаваты ў няякаснай працы завода і атручванні горада, дагэтуль былі пры сваіх пасадах. А цяпер аднаго з іх яшчэ і павысілі. І гэта – яскравы вынік тых “разборак”. У нас у горадзе ўсе кажуць, што гэтае прызначэнне – плявок у твар жыхарам Светлагорска і Якімавай Слабады».      

сакавіка Лукашэнка прызначыў былога старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрыя Назарава на пасаду віцэ-прэм’ера. Менавіта ў Назарава кіраўнік Беларусі падчас афіцыйнага пуску завода беленай цэлюлозы, які некалькі гадоў запар атручвае паветра ў Светлагорску, спытаў ці няма «дурнопахнущих» рэчываў вакол завода. Назараў тады адказаў, што нічога такога няма, «інакш мы б не падпісалі дакументы на ўвод завода».