Лукашэнка запусціў завод у Светлагорску, а за плотам смярдзела гнілой капустай
Палеская Вясна
14.02.2020
Светлагорскі завод беленай цэлюлозы, усё ж-такі афіцыйна запушчаны з удзелам кіраўніка Беларусі Лукашэнкі. Пры гэтым, ён прамовіў: «Мы не павінны ў 21 стагоддзі ствараць прадпрыемствы, якія будуць труціць нас і нашых дзяцей». У гэты самы час за паўночным плотам завода, куды ветрам зносіла дым з заводу, адчуваўся пах гнілой капусты, які сведчыць пра выкіды небяспечнага газу метылмеркаптану.
Скрын-шот відэа тэлеграм-канала Пул первого
Светлагорск і прылеглая вёска Якімава Слабада з раніцы чакалі візіту Лукашэнкі. Ужо ў пачатку на дзясятую гадзіну жыхары Якімавай Слабады паведамілі пра верталёт, які праляцеў вельмі нізка над дахамі вясковых хатаў. Вяскоўцы выйшлі на вуліцу і махалі рукамі, заклікаючы кіраўніка сваёй краіны сесці ў вёсцы і паразмаўляць з тымі, хто найбольш церпіць ад выкідаў новага завода. Але Лукашэнка паляцеў да чыноўнікаў і размаўляў з імі.
Тэлеграм-канал «Пул первого» ужо аб 11.25 паведаміў пра тое, што старт афіцыйнай працы праблемнага завода дадзены. Лукашэнка разам з кіраўніком канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрыем Назаравым, старшынём Гомельскага аблвыканкам Генадзем Салаўём, генеральным дырэктарам Светлагорскага ЦКК Юрыем Круком і ягоным намеснікам па вытворчасці цэлюлозы Анатолем Бахавым націснулі сімвалічную кнопку, якой «запусцілі» завод. Насамрэч, завод працуе без афіцыйнага запуску ўжо больш за два гады. Увесь гэты час тут нібыта праводзіліся пуска-наладкавыя работы. Хаця, кіраўніцтва завода апошнім часам заяўляла, што завод працуе на 85% магутнасці ад праектнай і выпускае ды прадае прадукцыю.
І на працягу ўсяго часу, што завод выпускае цэлюлозу, жыхары Светлагорска і Якімавай Слабады адчуваюць моцныя пахі розных хімічных рэчываў, найбольш небяспечны з якіх – метылмаркаптан. У комплексным прыродаахоўным дазволе, выдадзеным Мінпрыроды, дазволу на выкіды такога газу ўвогуле няма. І аніякія дзяржаўныя кантралюючыя органы памер гэтых выкідаў не вымяраюць.
Падчас візіту Лукашэнкі ў Светлагорску быў перакрыты шэраг вуліц. Вакол Светлагорскага ЦКК, побач са старой пляцоўкай якога збудаваны і завод беленай цэлюлозы, у некалькі колаў знаходзіліся супрацоўнікі спецслужбаў у форме міліцыі і ў цывільным адзенні. Пры гэтым дым і пара ад заводу паўночным ветрам зносілася ў бок ракі Бярэзіны. Ахоўнікі, якія знаходзіліся паўз паўночны плот завода сядзелі ў машынах. Пры праездзе паўз гэты плот адчуваўся пах гнілой капусты. Менавіта так смярдзіць метылмеркаптан.
Светлагорскі актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Савіч паведаміў Палескай Вясне, што падчас знаходжання Лукашэнкі на ЗБЦ, ён прыехаў да завода і паспрабаваў сфатаграфаваць аўтамабілі прадстаўнічага класу каля прахадной. Але, як тольк ён зрабіў некалькі здымкаў, да яго падбеглі супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным адзенні, пачалі патрабаваць пашпарт, запатрабавалі выдаліць фотаздымкі, пагражаючы затрыманнем. У выніку Савіч выдаліў здымкі, каб пазбегнуць затрымання. Ён казаў ахоўнікам, што прыйшоў сустрэць прэзідэнта і распавесці яму, як труцяць горад і прылеглую вёску. Але яму сказалі, што трэба было загадзя запісацца на сустрэчу на заводзе.
«Зразумела, ж, што ніхто б мяне не пусціў сустракацца з Лукашэнкам на заводзе. Ды і ні пра які папярэдні запіс на гэтую сустрэчу ў райвыканкаме невядома. У еўрапейскіх краінах прэзідэнты свабодна ходзяць па вуліцы – у той жа Вільні на перапахаванні Каліноўскага я – грамадзянін іншай дзяржавы, ішоў у некалькіх метрах ад прэзідэнтаў двух еўрапейскіх краінаў – Летувы і Польшчы . А наша сітуацыя кажа пра тое, што няма даверу прэзідэнта свайму народу, калі ён адгароджваецца ад яго трыма коламі аховы і баіцца шчырай размовы з жыхарамі горада, якому сам стварыў столькі праблемаў»,
– адзначыў у каментары Зміцер Савіч.
Лукашэнка не наведаў напрамак ад завода, у які дзьмуў вецер падчас ягонага візіту. Звесткі пра стан экалогіі ён атрымаў ад чыноўнікаў, якія працяглы час заспакойваюць жыхароў Светлагорска, што ўсё ў норме. І Лукашэнку яны паведамілі, што «кепскапахучых газаў няма».
«Заява Лукашэнкі пра тое, што яны не могуць у 21 стагоддзі будаваць вытворчасці, якія труцяць іх і іхніх дзяцей, выглядаюць асабліва цынічна на заводзе, які ўжо больш за два гады труціць у Светлагорску нас і нашых дзяцей. Вядома ж, ён не дыхае гэтым меркаптанам, не ўдыхае яго і ягоны Міколка ды старэйшыя сыны. Тое, што хімічныя пахі побач з заводам не спыніліся нават падчас ягонага візіту, а ён нават не палічыў патрэбным праехаць туды, куды дзмуў вецер, каб асабіста ўпэўніцца, што “кепскапахучых газаў няма” – вельмі яскравая ілюстрацыя таго, як гэтая ўлада ставіцца да бяспекі жыхароў нашага горада. Завод будзе працаваць і смярдзець. Ператрываць не атрымаецца. Калі светлагорцы хочуць для сябе і сваіх дзяцей нармальнага асяроддзя, ім патрэбна гэта ўсвядоміць і ўсім разам пачаць нешта рабіць для таго, каб спыніць шкодныя выкіды»,
– пракаментавала пуск завода Алена Маслюкова, каардынатарка ініцыятыўнай групы, якая змагаецца за экалогію Светлагорска, кіраўніца мясцовай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна».