У Якімавай Слабадзе каля Светлагорска зноў з’явіліся кітайцы

Палеская Вясна 27.03.2020

Жыхары вёскі, якая найбольш церпіць ад уздзеяння пабудаванага са значнымі хібамі кітайскай карпарацыяй САМСЕ завода беленай цэлюлозы, зноў убачылі ў роднай вёсцы будаўнікоў з Кітаю, якія разгружалі там нейкае абсталяванне.


Як паведаміла праваабаронцы і каардынатарцы ініцыятыўнай групы грамадзян, што змагаецца супраць шкодных выкідаў ЗБЦ, Алене Маслюковай жыхарка вуліцы Садовай у Якімавай Слабадзе Жанна Салавей, каля дома № 15 на гэтай вуліцы 26 сакавіка яна бачыла і сфатаграфавала, як кітайскія рабочыя, якім дапамагалі і мясцовыя, выгружалі нейкае абсталяванне з аўтатрала ды рознае майно з металічнага кантэйнера.


«Калі мяне пабачылі, дык пачалі абражаць. Але не кітайцы, а расійскамоўныя», – кажа спадарыня Жанна.

Жыхары Якімавай Слабады маюць намер выклікаць да дома па Садовай, 15 участковага і старшыню сельсавету каб яны разабраліся, што адбываецца. Людзі баяцца таксама завозу кітайцамі ў вёску каранавірусу.  

Нагадаем, што ў жніўні мінулага года канцэрн «Беллеспаперапрам» паведамляў пра скасаванне кантракту з кітайскай карпарацыяй і самастойную дабудову завода. У снежні ж 2019 года намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў дакладаў прэм’ер-міністру Сяргею Румасу, што «кітайскім бокам кантракт не лічыцца скасаваным, паколькі не былі выкананыя працэдуры яго скасавання».


14 лютага 2020 года Аляксандр Лукашэнка афіцыйна запусціў завод беленай цэлюлозы. Тагачасны кіраўнік канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў (пазней прызначаны віцэ-прэм’ерам) даклаў тады Лукашэнку, што кепскапахучых газаў ад завода няма. Але мясцовыя жыхары працягваюць адчуваць пахі меркаптану і іншых хімічных злучэнняў.