Светлагорскі ЦКК збіраецца скасаваць кантракт з кітайскімі будаўнікамі
Андрусь ГАЁВЫ
02.08.2019
На сайце прадпрыемства з’явілася паведамленне пра тое, што 15 жніўня акцыянернае таварыства правядзе агульны сход акцыянераў, дзе першым пунктам парадку дня будзе скасаванне картракта з генеральным падрадчыкам будаўніцтва завода беленай цэлюлозы – кітайскай карпарацыяй САМСЕ.
Светлагорскі завод беленай цэлюлозы – вынік інвестыцыйнага праекту, які ажыццяўляецца ў Беларусі паводле дамоваў з кіраўніцтвам Кітаю і за грошы крэдытаў кітайскага Эксімбанку. Генпадрадчыкам пабудовы завода прызначаная «Кітайская карпарацыя Інжынірынгу САМС (САМСЕ)». Завод мусіў быў быць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 2017 годзе, але дагэтуль так і не выйшаў на праектную магутнасць.
У той жа час, завод стаў асноўным фігурантам экалагічных скандалаў у краіне. Жыхары Светлагорска і найбліжэйшай да завода вёскі Якімава Слабада адчуваюць пах атрутнага газу, у якім адмыслоўцы-хімікі пазналі метылмеркаптан, што ўтвараецца падчас вытворчасці беленай цэлюлозы метадам бесперапыннай варкі, які запраектаваны на заводзе.
У 2010 годзе прэзідэнт Лукашэнка выдаў указ аб пачатку ажыццяўлення інвестпраекта пабудовы завода, у якім дазволіў пры яго праектаванні выкарыстоўваць нормы КНР. У праекце і далейшым комплексным прыродаахоўным дазволе Мінпрыроды нашай краіны, выкіды метылмеркаптану ў паветра ўвогуле не прадугледжваліся. Нягледзячы на актыўныя пратэсты, зборы тысячаў подпісаў супраць пабудовы завода ў 70-тысячным горадзе, улады Беларусі ажыццявілі гэты праект. Тыя, хто пратэставаў, падвергліся рэпрэсіям з боку ўладаў.
Калі ж завод пачалі ўводзіць у эксплуатацыю, значныя выкіды метылмеркаптану, пах якога разносіўся па горадзе і не даваў дыхаць жыхарам, выклікалі новую хвалю пратэстаў з боку жахыроў Светлагорску і Якімавай Слабады, а таксама новыя рэпрэсіі да актывістаў пратэстаў. У той жа час, беларускія кантралюючыя органы выкрылі шэраг парушэнняў падчас будаўніцтва, кшталту ўжытага кітайцамі хібнага электракабелю, які не дае рады сілкаваць патрэбнае абсталяванне. У такой сітуацыі кітайскія будаўнікі з’ехалі са Светлагорску, так і не выканаўшы кантрактныя абавязацельствы, якія прадугледжвалі ўвод завода ў эксплуатацыю генпадрадчыкам.
Цяпер беларускі бок самастойна спрабуе разабрацца з тым, што набудавалі кітайцы, і ўвесці завод у эксплуатацыю. Але ўсё новыя і новыя хібы выкрываюцца з цягам часу. У траўні, напрыклад, на адным з цэхаў абрынуўся дах. Спачатку кіраўніцтва завода адмаўляла аварыйную сітуацыю, але прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, наведваючы прадпрыемства, прызнаў аварыю.
Варта ўлічваць, што Светлагрскі ЦКК з’яўлецца крэдытаатрымальнікам кітайскіх грошай на пабудову завода. Агульны кошт будаўніцтва абыйшоўся ў 770 мільёнаў даляраў. І цяпер ужо ЦКК мусіць сплочваць кітайскаму банку пазыку і адсоткі. Але сёлета кіраўніцтва камбінату звярнулася да ўраду з просьбай аб тым, каб выплаты па крэдыце за 2019 год ажыццяўляў не ЦКК, а Міністэрства фінансаў. Як запэўніваў прэм’ер-міністр, урад пагадзіўся перакласці цяжар крэдытных выдаткаў з непасрэднага атрымальніка крэдыта на плечы беларускіх падаткаплацельшчыкаў, выплаціўшы суму крэдыта з бюджэта.
Эксперты і жыхары Светлагорска з вялікім песімізмам ставяцца да таго, ці спраўдзяцца надзеі кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК, мясцовых уладаў і профільных дзяржаўных ведамстваў на тое, што ў чацвёртым квартале гэтага года завод беленай цэлюлозы запрацуе на поўную магутнасць, як гэта даручыў Лукашэнка. А без гэтага свабодных грошай, якія б дазволілі сплочваць кітайскі крэдыт, у ЦКК папросту няма. На якіх умовах будзе скасаваны кантракт з генпадрадчыкам пакуль невядома. А вінаватых у дзяржаўнай нядбайнасці і тым, што беларускай дзяржаве нанесены і працягвае наносіцца значны эканамічны ўрон, пакуль ніхто не шукае.