Прэм’ер-міністр прызнаў аварыю, якую адмаўляла кіраўніцтва Светлагорскага заводу
Палеская Вясна
18.05.2019
17 траўня кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас наведаў Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, паведамляе БелТА. Паводле словаў прэм’ера, завод беленай цэлюлозы, які цяпер будуецца, мусіць запрацаваць на поўную магутнасць да канца году. Цяпер ён працуе ў тэставым рэжыме.
Румас сказаў, што «прадпрыемства працуе ў рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі» і паскардзіўся, што не атрымоўваецца дамовіцца з кітайскім генеральным падрадчыкам, «каб ён адпаведна сваім кантрактным абавязкам уводзіў гэты завод у эксплуатацыю, і мы робім гэта сваімі сіламі», — адзначыў Сяргей Румас.
«З улікам адсутнасці генпадрадчыка і здараюцца такія непрыемныя інцыдэнты, як выпадак з частковым абвальваннем даху. Гэта непрыемны, але, на жаль, непазбежны момант, калі аб’ект ўводзіцца не зусім у адпаведнасці з інструкцыямі, якія прадугледжваюць увод менавіта генпадрадчыкам», — сказаў ён.
Раней, калі мясцовыя жыхары казалі, што нядаўна ў адным з памяшканняў заводу абрынуўся кавалак даху, кіраўніцтва заводу гэта абвяргала, але сваім падначаленым забараніла рабіць здымкі на працы.
У лістападзе 2017 году на заводзе пад Светлагорскам, побач з вёскай Якімава Слабада, пачаліся пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары тады скардзіліся на смурод ад выкідаў з заводу. 25 снежня тут адбыўся стыхійны мітынг супраць заводу. У ім удзельнічала каля 200 чалавек. Яшчэ раней, у 2012 годзе, светлагорцы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў супраць узвядзення ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства.
Радыё Свабода