У Мазыры кат з міліцыі, які трымаў на каленях 54-гадовую настаўніцу, зрабіўся пракурорам і абвінавачвае маладзёнаў у беспарадках

Палеская Вясна 15.12.2021

На судзе над двума маладзёнамі, якім летась падчас пратэстаў супраць гвалту і падману на выбарах, было па 16 і 17 гадоў, нечакана выявілася, што дзяржаўным абвінаваўцам выступае былы міліцыянт, які ў жніўні мінулага году катаваў мазырчукоў у мясцовым РАУСе.

Мікіту Сілівона і Максіма Кусачэнку ў Мазыры пачалі судзіць за тое, што яны нібыта арганізавалі і падрыхтавалі групавыя дзеянні, якія груба парушылі грамадскі парадак альбо актыўна ў іх удзельнічалі, а таксама ўжывалі гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Ад іхніх дзеянняў нібыта пацярпеў начальнік ДАІ мясцовага аддзелу РАУС Валянцін Пілер. Судзіць хлопцаў прызначаная асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі Элеанора Ярмоленка, за якой сярод жыхароў Мазыра за шматлікія палітычна матываваныя неабгрунтаваныя прысуды замацавалася мянушка «Элачка-Людаедка».

Падчас суда высветлілася, што абвінавачванне хлопцаў ва ўсіх злачынствах падтрымлівае памочнік пракурора Мазырскага раёна Ігар Пілановіч. Гэтае прозвішча стала шырока вядома мазырчукам пасля хвалі жорсткіх катаванняў мясцовых жыхароў у Мазырскім РАУС, якія адбыліся адразу пасля сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 года.


Ігар ПІЛАНОВІЧ. 

Тады ў засценках РАУС масава здзекваліся са звезеных з розных канцоў Мазыра гараджан і гараджанак. Карнікі былі ў балаклавах у разліку на тое, што іхнія асобы не будуць высветленыя. Сярод катаў быў і Ігар Пілановіч. Ён асабіста катаваў Алену Чаранкову, 54-гадовую настаўніцу матэматыкі Сярэдняй школы № 6, размешчанай у мікрараёне Зарэчным, які ў Мазыры паводле старой завядзёнкі называюць Пхоў.

_______________________________

Чытайце таксама: 

«А цяпер вядзіце сабак!» Жыхар Калінкавічаў распавёў пра катаванні ў мазырскай міліцыі

__________________________________________


Падчас катаванняў Пілановіч трымаў жанчыну некалькі гадзін на каленях перад сваім сталом і нібыта дапытваў. Калі яна сказала яму, што працуе настаўніцай у 6-й школе, ён патэлефанаваў завучу школы, каб спраўдзіць інфармацыю. Пазней Алена Чаранкова даведалася ў завуча, што тэлефанаваў ёй у той вечар менавіта ўчастковы інспектар, за якім замацаваныя некалькі вуліц Зарэчнага мікрараёна, Ігар Пілановіч. Такім чынам асоба ката была высветленая. Пра гэта, а таксама іншыя катаванні, яшчэ ў першы месяц пасля таго, што здарылася, распавёў Палескай Вясне муж Алены Чаранковай – Юрась Чаранкоў. Тады Ігар Пілановіч быў звычайным участковым інспектарам міліцыі ў званні старшага лейтэнанта.


Пазней Пілановічу ў Мазыры стала боязна нават замаўляць таксоўкі на імя Ігар. Мясцовыя таксісты распавядалі журналістам ПВ пра тое, што ён у адпаведных дадатках называўся іншым імём, хаця людзі бачылі, што ў машыну сядаў малады садыст з РАУСа.

Супраць Юрася Чаранкова мясцовы аддзел Следчага камітэту завёў крымінальную справу за абразу Пілановіча пасля таго, як ён у спрэчцы ў адным з тэлеграм-каналаў эмацыйна назваў крыўдзіцеля сваёй жонкі “фашысцюгам”. З-за гэтага Юрась і Алена Чаранковы вымушаныя былі эвакуявацца з Беларусі ў бяспечную краіну.

У той жа час паводле заявы Чаранковых аб катаваннях у РАУСе, Следчы камітэт пастанавіў справу не заводзіць, з прычыны таго, што нібыта немагчыма высветліць, хто канкрэтна ўжываў сілу да немаладых людзей, бо да падаўлення мірных сходаў грамадзян быў прыцягнуты ўвесь асабовы склад органаў унутраных справаў Гомельскай вобласці.

Відавочна, што стасавацца з жыхарамі замацаванага ўчастка ўчастковаму Ігару Пілановічу пасля таго, што ён нарабіў з 9 па 13 жніўня ў сценах РАУС было немагчыма, тым больш, улічваючы, што здзекваўся ён з паважанай настаўніцы, якая вучыла многіх жыхароў мікрараёна і іхніх дзетак. Мабыць менавіта гэта і паслужыла нагодай для таго, што кат перайшоў на службу ў іншае ведамства, залучанае ў ажыццяўленне рэпрэсіяў – пракуратуру, дзе ён сутыкаецца з тымі, каго рэпрэсуе, амаль выключна ў судах, прычым ягоныя ахвяры звычайна адгароджаныя ад яго кратамі альбо трывалым шклом, а тое, што іх асудзяць да пазбаўлення волі, і ў горадзе ён з імі не сустрэнецца, практычна гарантаванае.