«Доказаў незаконнага ўжывання сілы не атрымана». Следчы камітэт не ўгледзеў злачынства ў катаваннях 54-гадовых жыхароў Мазыра

Андрусь ГАЁВЫ 07.02.2021

«Цялесныя пашкоджаннні маглі ўтварыцца ў выніку ўжывання фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў […] для пераадолення супрацьдзеяння законным патрабаванням супрацоўнікаў АУС», – вырашылі ва Упраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці, адносна заявы людзей, якім ужо шосты дзясятак гадоў.

Старшы следчы следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці старшы лейтэнант юстыцыі Т. Беларус пастанавіў адмовіць у завядзенні крымінальнай справы па факце атрымання цялесных пашкоджанняў на бульвары Юнацтва ў Мазыры і ў Мазырскім РАУС слесарам Мазырскага НПЗ Юрасем Чаранковым і ягонай жонкай, настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі Мазырскай СШ № 6 Аленай Чаранковай. Абодвум пацярпелым ужо 54 гады. Пастанову ўзгадніў начальнік следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці падпалкоўнік юстыцыі Андрэй Балашэнка.



Нягледзячы на тое, што некалькі дзясяткаў людзей, якія перанеслі катаванні ў Мазырскім РАУС у жніўні мінулага году, падалі заявы ў мясцовы раённы аддзел Следчага камітэта, усе  матэрыялы па гэтых заявах забрала для сваёй вытворчасці абласное ўпраўленне ведамства. Менавіта там амаль шэсць месяцаў доўжылася так званая праверка паводле заяваў, у прыватнасці Юрася і Алены Чаранковых.



У пастанове следчы Т. Беларус шмат месца адвёў цытаванню законаў, якія дазваляюць міліцыянтам ужываць фізічную сілу. Непасрэдна таму, што было высветлена падчас праверкі, надаў увагі значна менш. Ён у прыватнасці апісвае як мусяць адбывацца масавыя мерапрыемствы, падрабязна апісвае тое, што Юрась і Алена Чаранковы былі затрыманыя падчас аднаго з нібыта несанкцыянаваных мерапрыемстваў і суд прызнаў іх вінаватымі паводле артыкула 23.34 КабАП.

Нягледзячы на тое, што тэрміны праверкі шматкроць працягваліся, у сваёй пастанове следчы спасылаецца на вынікі толькі адной экспертызы. У ёй эксперт пастанавіў, што цялесныя пашкоджанні, якія атрымалі Чаранковы, «не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя альбо нязначнай трывалай страты працаздольнасці».

Як вынікае з пастановы следчага, іншых пацярпелых, якія таксама падавалі заявы ў Следчы камітэт і маглі быць сведкамі таго, што адбывалася з Чаранковымі, падчас праверкі не апытвалі. Але апытвалі саміх міліцыянтаў, якіх Чаранковы падазраюць у іх збіцці. Чакана, міліцыянты сказалі, што яны нікога не збівалі, у іх прысутнасці таксама нікога ніхто не збіваў і адкуль пасля выхаду з РАУС у 54-гадовых інтэлігентных людзей узяліся шматлікія ўдары і гематомы ім невядома.



Важнымі звесткамі ў пастнове з’яўляюцца тыя, што згодна з інфармацыяй Упраўлення ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму, якая цытуецца ў пастанове, з 9 па 14 жніўня ў сілавых спыненнях пратэстаў быў задзейнічаны увесь асабовы склад органаў унутраных справаў Гомельскай вобласці, а таксама падраздзяленняў МУС і вайсковай часткі. Гэта кажа пра тое, што ўсе супрацоўнікі міліцыі Гомельскай вобласці маюць дачыненне да таго гвалту і прававога бязмежжа, якія адбываліся ў вобласці ў першыя паслявыбарныя дні. Таксама Гомельскае абласное ўпраўленне ўнутраных справаў паведаміла следчым, што запісы камераў відэаназірання, усталяваных у аддзелах унутраных справаў, не захаваліся.

Следчы сцвярджае, што з-за гэтага высветліць і апытаць тых, хто ўдзельнічаў непасрэдна ў затрыманні Чаранковых немагчыма. Пры гэтым у сваёй пастанове следчы прыводзіць звесткі, што ў кнізе ўжывання фізічнай сілы і спецсродкаў маецца запіс пра тое, што фізічная сіла і спецсродкі да Юрася і Алены Чаранковых ужываліся. Паводле формы запісу там павінна быць указана, хто ўжываў фізічную сілу і спецсродкі.

_________________________________________________________________________________________________

Чытайце таксама
«Гэта былі свае ж – пхоўскія!» Жыхар Мазыра распавёў пра катаванні ў мясцовым РАУС (ВІДЭА)

______________________________________________________________________

Следчы ўгрунтоўвае сваю пастанову на дапушчэнні таго, што цялесныя пашкоджанні ў 54-гадовых людзей «маглі ўтварыцца ў выніку ўжывання фізічнай сілі і спецыяльных сродкаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры выкананні імі службовых абавязкаў у межах прадстаўленых ім паўнамоцтваў для спынення адміністрацыйнага правапарушэння, затрымання за ягонае здзяйсненне, пераадолення супрацьдзеяння законным патрабаванням супрацоўніка АУС».

«Аб’ектыўных доказаў незаконнага ўжывання фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў да Чаранкова Ю.М. і Чаранковай А.А. не атрымана», – робіць выснову следчы Т. Беларус. На гэтай падставе Следчы камітэт адмовіў у завядзенні крымінальнай справы паводле артыкулу 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў). Тое, што дзеянні, пра якія распавядалі Чаранковы, маюць усе прыкметы катаванняў, відавочна, следчымі нават не разглядалася.

Юрась Чаранкоў і ягоная жонка Алена 11 жніўня ішлі па бульвары Юнацтва ў Мазыры на вечаровы шпацыр і глядзелі, што адбывалася на супрацьлеглым баку бульвару, дзе праходзіў мірны сход жыхароў горада, якія патрабавалі справядлівых выбараў і спынення гвалту. Раптам да іх падбеглі міліцыянты ў чорным адзенні без аніякіх апазнавальных знакаў, са схаванымі тварамі і пачалі іх збіваць. Потым іх даставілі ў Мазырскі РАУС, дзе працягнулі збіваць і прыніжаць. У прыватнасці Юрася збівалі нагамі і дручкамі. Алену некалькі гадзін пратрымалі на каленях.

16 жніўня пасля вызвалення Юрась і Алена Чаранковы звярнуліся ў Мазырскі райаддзел Следчага камітэту з заявамі пра збіццё. Іх тады апытвалі больш за 3 гадзіны кожнага. Тэрміны праверкі праводле іх заяваў некалькі разоў падаўжаліся.

Паводле звестак правабаронцаў, у Мазырскі РАСК у жніўні 2020 года звярнуліся больш за 30 чалавек, якія заяўлялі пра збіццё іх падчас затрымання, хаця яны не супраціўляліся, і непасрэдна ў будынку крымінальна-выканаўчай інспекцыі Мазырскага РАУС, які месціцца праз дарогу насупраць галоўнага корпусу мазырскай міліцыі. 

__________________________________________________________________

Чытайце таксама:

«А цяпер вядзіце сабак!» Жыхар Калінкавічаў распавёў пра катаванні ў мазырскай міліцыі

__________________________________________________________________


У лістападзе Юрась Чаранкоў у адным з мазырскіх тэлеграм-чатаў эмацыйна выказаўся наконт участковых міліцыянтаў Ігара Пілановіча і Андрэя Аскеркі, якія, на ягоную думку, удзельнічалі ў здзеках з яго і ягонай жонкі. Пазней следчы Мазырскага РАСК Уладзімір Кананучанка прызнаў Юрася Чаранкова падазраваным у крымінальнай справе паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Каб засцерагчыся ад палітычна матываванага пераследу Юрась і Алена Чаранковы вымушаныя былі пакінуць Беларусь.