Следчы камітэт за месяц не здолеў знайсці падставы для завядзення крымінальных справаў за катаванні ў Мазырскім РАУС

Палеская Вясна 24.09.2020

Праверкі па заявах аб збіцці і здзеках з затрыманых у першыя паслявыбарныя дні, якія падалі жыхары Мазыра, працягнутыя яшчэ на два месяцы.

Паведамленні аб чарговым працягу тэрмінаў праверак па заявах аб катаваннях пачалі атрымліваць пацярпелыя, якія падавалі такія заявы пасля вызвалення з Мазырскага РАУС у сярэдзіне жніўня. Раней, пасля таго, які мінулі прадугледжаныя законам першыя 10 дзён на праверку,  тэрміны ўжо працягваліся на месяц. Заявы мазырцы падавалі ў Мазырскі раённы аддзел Следчага камітэту. Але ён ужо праз тыдзень перадаў матэрыялы ва Упраўленне Следчага камітэту па Гомельскай вобласці.


Такія паведамленні атрымліваюць пацярпелыя ад катаванняў.

Тым не менш, падвышэнне рангу следчых пакуль не дало выніку. Па заявах працягваюцца праверкі. Крымінальныя справы па шматлікіх фактах збіцця не заведзеныя. Меркаваныя ўдзельнікі альбо арганізатары катаванняў і бесчалавечнага стаўлення да затрыманых у Мазырскім РАУС 10 – 13 жніўня пакуль не затрыманыя.

Праваабаронцам вядомыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія сцвярджаюць пра тое, што пры затрыманні і непасрэдна ў памяшканнях Мазырскага РАУС іх збівалі і рознымі спосабамі прыніжалі іх чалавечую годнасць. Практычна ва ўсіх маюцца медычныя пацверджанні атрыманых цялесных пашкоджанняў. Многія і дагэтуль мусяць праходзіць лекаванне. Сярод тых, хто не пабаяўся апублічыць свае гісторыі праз сайт Палеская Вясна былі ў прыватнасці Уладзімір Піліпейка і Юрась Чаранкоў.


Мазырскі РАУС.

У той жа час, 14 верасня прэс-служба МУС паведаміла, што 7 верасня ў Мазыры затрымалі групу грамадзян, якія склалі і раздрукавалі ўлёткі з дадзенымі пра 29 міліцыянтаў мясцовага РАУС. МУС назвала гэтыя дадзеныя «дыскрэдытуючымі». Улёткі меркавалася распаўсюдзіць ў Мазыры і прыгарадзе. Аўтараў улётак і меркаваных распаўсюднікаў адразу ж затрымалі і змясцілі пад варту.