На жыхара Мазыра, які пасля перанесеных катаванняў эмацыйна выказаўся пра міліцыянтаў, завялі крымінальную справу
Андрусь ГАЁВЫ
10.11.2020
>>>>>
Затрыманы 11
жніўня і збіты ў Мазырскім РАУС жыхар Мазыра спадзяваўся на тое, што
міліцыянты, якія ўжывалі супраць яго нечалавечыя катаванні, панясуць пакаранне,
але ўлада робіць вінаватым яго самога.
11 жніўня Юрася
Чаранкова разам з ягонай жонкай Аленай
затрымалі ў Мазыры на бульвары Юнацтва. Нягледзячы на тое, што абодвум
суджэнцам ужо шосты дзясятак гадоў, падчас затрымання іх моцна білі. Збівалі
Юрася і ў аднапавярховым будынку, дзе месціцца крымінальна-выканаўчая
інспекцыя, насупраць асноўнага корпусу Мазырскага РАУС. Пасля вызвалення з
вязніцы Чаранкоў вымушаны быў працяглы час лекавацца. Пра катаванні Юрась
Чаранкоў распавядаў Палескай
Вясне.
Чаранковы яшчэ ў жніўні звярнуліся ў Мазырскі раённы
аддзел Следчага камітэту з заявамі аб збіцці ў Мазырскім РАУС. На працягу
апошніх трох месяцаў ім дасылалі пастановы следчых аб працягванні праверкі
паводле іхніх заяваў і аб перадачы матэрыялаў праверкі пад вытворчасць
абласнога ўпраўлення Следчага камітэта. Крымінальных справаў паводле фактаў іх
збіцця так дагэтуль і не завялі.
9 лістапада Юрася Чаранкова выклікалі ў Мазырскі
райаддзел Следчага камітэта. Яму ўручылі пастанову аб прызнанні яго
падазраваным у крымінальнай справе паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса –
«Знявага
прадстаўніка ўлады». Пастанову вынес следчы па асабліва важных справах Мазырскага РАСК Уладзімір Кананучанка.
Паводле артыкула 369 Чаранкову пагражаюць грамадскія працы, штраф, арышт, да двух гадоў папраўчых работ альбо да трох гадоў абмежавання волі.
Як высветлілася, крымінальнае абвінавачванне прыспешнікі
дзеючага рэжыму вылучылі Чаранкову за ягоны каментар, размешчаны ў адным з
мазырскіх тэлеграм-каналаў, дзе ён эмацыйна выказаўся пра двух міліцыянтаў,
асобы якіх атрымалася ідэнтыфікаваць. Адзін з іх з’яўляецца ўчастковым у раёне
горада, дзе працуе настаўніцай у школе Алена Чаранкова. Гэты ўчастковы
патэлефанаваў пры ёй, калі яна стаяла перад ім на каленях, завучу ейнай школы.
Іншага ж міліцыянта, які з яе здзекваўся, яна ведала асабіста, бо сама вучыць
ягоную дачку.
«На мой
погляд, завядзенне такіх крымінальных справаў – гэта спроба націснуць на
людзей, якія падалі заявы ў Следчы камітэт аб зверствах міліцыянтаў у першыя
дні пасля выбараў. Зараз сыходзяць апошнія тэрміны правядзення праверак і
патрэбна альбо заводзіць крымінальныя справы паводле фактаў збіцця людзей у
міліцыі, альбо прыдумваць падставы для адмовы ў завядзенні такіх справаў.
Апошняе досыць цяжка, бо факты нанясення пабояў зафіксаваныя. Таму следчыя
спрабуюць падчапіць за нешта тых, хто падаў заявы, каб потым прымусіць іх
адцурацца сваіх патрабаванняў аб прыцягненні да адказнасці міліцыянтаў. Я магу
зразумець чалавека, які, вытрываўшы гэткія пакуты, выказаўся не зусім стрымана
пра тых, хто катаваў яго і ягоную жонку, але вынік гэтых выказванняў
непараўнальны з тым, што давялося перажыць людзям у сценах Мазырскага РАУС.
Такім чынам міліцыя, следчы камітэт, пракуратура і іншыя органы ўлады папросту
выклікаюць да ўсіх сваіх супрацоўнікаў насамрэч усеагульную пагарду народа!», – пракаментаваў сітуацыю кіраўнік Мазырскай філіі
Праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір
Целяпун.